|
11 жнiўня |
 |
У гэты дзень у 1803 годзе нарадзіўся пісьменьнік, музыка, навуковец і журналіст Уладзімер Адоеўскі. Увогуле ў 19 стагодзьдзі вельмі часта адзін чалавек злучаў у сабе самыя разнастайныя таленты і зацікаўленьні. Вузкая спэцыялізацыя не практыкавалася. Той самы Адоеўскі наігрываў на раялі, а думаў пры гэтым пра турэмную рэформу. Дарэчы, ён быў адным з апошніх нашчадкаў Рурыкавічаў. А яшчэ ў гэты дзень нарадзіўся Ўладыслаў Андэрс. Польскі генэрал, пад камандай якога ў часе апошняй вайны ваявалі супраць гітлераўцаў тысячы беларусаў. За савецкім часам было не прынята згадваць тых беларусаў, што ваявалі зь немцамі на баку заходняй кааліцыі. Гаварылі толькі пра тых, хто змагаўся разам з расейцамі. Вось жа тыя, што ваявалі на захадзе, большасьцю сваёй стаялі пад сьцягамі Андэрса. Многія зь іх па-геройску загінулі і ніяк ня менш набліжалі перамогу над фашызмам, чым тыя чырвонаармейцы або савецкія партызаны. Сам Уладыслаў Андэрс у першую сусьветную служыў у царскім расейскім войску, а калі ўтварылася незалежная Польшча, дык на яе баку граміў Чырвоную Армію. У часе другой сусьветнай армія Андэрса змагалася на Блізкім Усходзе, у Італіі і Заходняй Эўропе. Сам генэрал застаўся на эміграцыі ў Вялікабрытаніі. Памёр ён у 1970-м годзе. І адна музычная дата. 11 жніўня 1943 году нарадзіўся Джым Кейл, бас-гітарыст канадзкага гурта «The Guess Who». |
|
|
|