|
15 жнiўня |
 |
15 жніўня 1769 году нарадзіўся францускі імпэратар Напалеон Банапарт. Асоба настолькі знакамітая, што нават у вар`ятнях хворыя на манію велічы найчасьцей называюць сябе Напалеонамі. І каньяк ёсьць такі -- Напалеон, і торт -- Напалеон. А зьявіўся на сьвет будучы імпэратар у гарадку Аяча на Корсіцы ў сям`і небагатага шляхціца. І быў ён другім дзіцёнкам у шматдзетнай сям`і. У 16 гадоў Напалеон скончыў артылерыйскую вучэльню і зрабіў вайсковую кар`еру. Як вы ўжо здагадваецеся, неардынарную. Таксама 15 жніўня ў 1771 годзе нарадзіўся пісьменьнік Вальтэр Скот, які ўсё жыцьцё пісаў пра мужных герояў мінуўшчыны, бо біяграфіі сучасьнікаў нагадвалі яму эпітафіі -- дата нараджэньня, дата сьмерці і пошлае чатырохрадкоўе -- як ён сам казаў. 15 жніўня 1960 году прыйшоў на сьвет хлопчык Ігар, прозьвішча якога Варашкевіч. Хто мог падумаць, што ў будучыні ён стане лідэрам і вакалістам папулярнага гурта “Крама“ і дасягне амаль такой самай славы, як ягоныя папярэднікі, народжаныя ў гэты самы дзень -- Напалеон і Вальтэр Скот. |
|
|
|