|
18 жнiўня |
 |
У гэты дзень, 18 жніўня 1750 году нарадзіўся Антоніа Сальеры, італьянскі кампазытар, якому прыпісваюць забойства Моцарта. Нібыта пасрэдны кампазытар Сальеры ад зайздрасьці да геніяльнага Моцарта падсыпаў яму атруты. Нехта некалі гэта прыдумаў -- і пайшла гуляць па сьвеце легенда, а да беднага Сальеры назаўсёды прыляпілася бірка бяздарнага забойцы. Гэта якраз той выпадак, калі кажуць, што гісторыя кепска пажартавала з чалавекам. Бо насамрэч Антоніа Сальеры быў выбітным творцам свайго часу, ягоная музыка увайшла ў клясычныя зборы. І што зусім парадаксальна -- забойцам генія абазвалі чалавека, які быў выдатным пэдагогам і якраз выхоўваў геніяў. Вучнямі Сальеры былі Бэтховэн, Шубэрт і Ліст. А яшчэ 18 жніўня 1922 году нарадзіўся Ален Роб-Грые, францускі пісьменьнік, стваральнік школы “новага раману“, адзін з рэдкіх сучасных літаратараў, якому пашчасьціла быць перакладзеным на беларускую мову. Праўда, друкаваліся ягоныя апавяданьні. А раман Роб-Грые “Праект рэвалюцыі ў Нью-Ёрку“, перакладзены Зьмітром Коласам, наколькі я ведаю, пакуль што неапублікаваны. 18 жніўня 1950 году нарадзіўся музыка Дэніс Эліот, які граў на барабанах у папулярным некалі гурце Foreigner. |
|
|
|