|
22 жнiўня |
 |
Пачну з імёнаў славутых людзей, якія нарадзіліся 22 жніўня. Гэта францускі падарожнік Жан Франсуа Лапэруз, чыё імя назаўсёды засталося на мапе сьвету. Лапэруз нарадзіўся ў 1741 годзе, а ў 1785-м узначаліў кругасьветную экспэдыцыю, якая адкрыла пратоку паміж выспамі Сахалін і Хакайда. Гэтую пратоку і назвалі імем Лапэруза. Далей экспэдыцыя накіравалася да берагоў Аўстраліі і... растварылася ў смузе гісторыі. Падарожнікі прапалі бязь вестак, пра іхны лёс ужо ніхто не даведаецца ніколі. А яшчэ 22 жніўня ў 1862 годзе нарадзіўся францускі кампазытар Клёд Дэбюсі, заснавальнік музычнага імпрэсіянізму. Таксама ў гэты дзень у 1898 годзе ў Троцкім павеце пад Вільняю нарадзіўся гісторык Генрык Лаўмянскі. У міжваенны час Лаўмянскі быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту і шмат дасьледаваў гісторыю нашага краю, напісаў кнігі пра мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага, пра Наваградзкае ваяводзтва ды шмат іншага. Калі гісторык Лаўмянскі паслугоўваўся фактамі, дык Рэй Дуглас Брэдбэры, амэрыканскі пісьменьнік, які таксама нарадзіўся 22 жніўня ў 1920 годзе, усё што ні пісаў -- прыдумаў. Рэй Брэдбэры -- пісьменьнік-фантаст, казачнік. Зрэшты, як гэта ні парадаксальна, у казках часам нашмат болей праўды жыцьця, чым у самых праўдзівых, здавалася б, фактах. За што людзі тыя казкі і любяць.
|
|
|
|