|
23 жнiўня |
 |
23 жніўня 1486 году нарадзіўся аўстрыйскі дыплямат і падарожнік Зыгмунд Гербэрштэйн, які ў тыя далёкія часы падарожнічаў у нашых краях і пакінуў унікальныя ўспаміны, зь якіх мы сёньня даведваемся пра выгляд нашых тагачасных гарадоў, заняткі і норавы нашых продкаў, пра генэалёгію Вялікіх князёў Літоўскіх, пра Кастуся Астроскага, Міхала Глінскага ды шмат пра што яшчэ. Надта дзівіла падарожніка наша прырода, асабліва жывёлы, якіх у яго на радзіме не было. “На роднай мове літоўцаў, -- пісаў Гербэрштэйн, -- бізон назваецца зубрам. У бізонаў калматыя грывы, жыя і лапаткі, а з падбародзьдзя зьвісае нешта накшталт барады. Поўсьць іх сьмярдзіць мускусам, галава кароткая, вочы вялікія і страшныя, нібы вогненныя, лоб шырокі, рогі настолькі далёка разьмешчаныя адзін ад аднаго, што паміж імі могуць усесьціся тры чалавекі моцнага целаскладу“. Наагул, тагачасны зубар быў дзівам для Заходняй Эўропы. Варта згадаць, які рэзананс у Рыме мела выдадзеная па-лацінску паэма Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра“. Але мабыць з тых часоў здрабнелі беларускія зубры, бо нешта ня вярыцца, каб ажно тры дарослыя чалавекі маглі сесьці паміж рогамі. Зрэшты, гэта тэарэтычнае дапушчэньне, ня спраўджанае на практыцы. Таксама сёньня ў 1754 годзе нарадзіўся Людовік XVI, францускі кароль, лёс якога -- навука для правіцеляў усіх часоў і народаў. Людовіка скінула з трону народнае паўстаньне, і скончыў ён свой жыцьцёвы шлях на гільятыне. 23 жніўня 1880 году нарадзіўся Аляксандар Грын, расейскі пісьменьнік, якога шмат хто ведае са школы і з кіно, бо чыталі і глядзелі ягоныя “Пунсовыя ветразі“ -- пра тую рамантычную Асоль. Але мала хто ведае, што сапраўднае імя пісьменьніка Грынеўскі, што ён беларус, сын удзельніка паўстаньня Каліноўскага і тыя “Пунсовыя ветразі“ пісаў на службе пад Віцебскам. Таксама ў гэты дзень, 23 жніўня 1946 году зьявіўся на сьвет Кіт Мун, барабаншчык ангельскага рок-гурта The Who. Ня ведаю, як сёньня, але ў часы сустветнае славы The Who Кіт Мун насіў ве-ельмі доўгія косы. |
|
|
|