|
Віенскі Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча (гістарычная даведка)
Віленскі Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча – адна з галоўных навуковых і асьветніцкіх установаў у гісторыі Беларусі. ВБМ зьбіраў, захоўваў, дасьледваў, прапагандаваў помнікі гісторыі, этнаграфіі, мастацкія творы. Экспанаты музэя паходзілі з усіх абшараў Беларусі. Музэй адыграў выключную ролю ў фармаваньні гістарычнай і нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народа. Гісторыя музэя налічвае два этапы. На першым этапе (1908-1921) музэй яшчэ ня меў самастойнага юрыдычнага статусу – ён уяўляў сабой прыватную калекцыю славутага беларускага навукоўца і палітычнага дзеяча Івана Луцкевіча, хаця фактычна існаваў як рэальная грамадзкая установа. Сваю калекыю Іван Луцкевіч разьмясьціў у рэдакцыі газэты "Наша ніва”, дзе да яе мелі доступ супрацоўнікі і шматлікія наведнікі. Каштоўныя скарбы гэай калекцыі натхнялі клясыкаў беларускай літаратуры – Янку Купау, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Зьмітрака Бядулю, аўтараў першай граматыкі беларускай мовы – Браніслава Тарашкевіча, першай нацыянальнай геаграфіі – Аркадзя Смоліча, першай гісторыі – Вацлава Ластоўскага ды іншых. Іван Луцкевіч рыхтаваўся ператварыць сваю калекцыю ў паўнавартасны публічны музэй – дзеля гэтага ён заснаваў Беларускае навуковае таварыства і ахвяраваў яму сваю калекцыю. Музэй адкрыўся ў 1921 годзе, пасьля заўчаснай сьмерці Івана Луцкевіча. Беларускае навуковае таварыства надало музэю імя заснавальніка. На другім этапе (1921-1945) ВБМ пасьпяхова працягваў сваю дзейнасьць. Пашыралася фондавая калекцыя, была створана сталая эксазіцыя. Музэй прымаў шматлікія экскурсіі, у навучальных мэтах музэйнымі зборамі карысталіся гімназісты і студэнты. Па-ранейшаму музэй натхняў літаратараў і навукоўцаў, што адлюстравана ў вялікай колькасьці публікацыяў. У часе свайго росквіту музэй меў сталае памяшканьне ў т.зв. "Базылянскіх мурах”(цяпер – вул. Вастрабрамская,7-а). У пяці экспазіцыйных залях былі выстаўлены калекцыі: археалагічная, сфрагістычная, нумізматычная, мэдалёў і крыжоў, старажытнага адзеньня, у тым ліку і слуцкіх паясоў, старажытнай зброі, рукапісных кніг і старадукаў, царкоўных абразоў, карцінаў даўнейшых і сучасных мастакоў, народных музычных інструментаў, твораў народных разьбяроў і многае другое. (Паводле інвентара 1941 г. музэй налічваў 13 450 адзінак захаваньня). Архіў музэя зьберагаў дакуманты ад 18-га стагоддзя да сярэдзіны 20-га (агулам – звыш 9000 адзінак захаваньня). Бібліятэка налічвала звыш 14000 тамоў. Напрацягу свайго існаваньня ВБМ і ягоныя супрацоўнікі ніколі нямелі належнай падтрымкі ад кіруючых дзяржаўных уладаў, наадварот –мелі ўсялякія перашкоды і перасьлед. Спачатку гэта быў прыгнёт расейскага царскага рэжыму, потым акупацыйных нямецкіх, польскага. Самым разбуральным аказаўся савецкі рэжым – супрацоўнікі музэя і навуковага таварыства Антон Луцкевіч (дырэктар ВБМ), Уладзімір Самойла, Антон Нэканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Адам Станкевіч ды іншыя загінулі ў выніку рэпрэсіяў. Дырэктары ВБМ Мар’ян Пецюкевіч, Янка Шутовіч і другія супрацоўнікі былі зьняволеныя на вялікія тэрміны. Улады Літоўскай і Беларускай савецккіх рэспублік зьліквідавалі ВБМ. Цэльная калекцыя была расфармавана і падзелена. Сёньня экспанаты былога музэю знаходзяцца ў Нацыянальным і Мастацкім музэях Літвы, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, Нацыянальным музэі Беларусі, Архіве-музэі літаратуры і мастацтва Беларусі. У 2001 годзе ў Вільні адроджаны Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, распачаўся збор новай музэйнай калекцыі.
6 лютага 2003 / 8:53:00 AM
Крынiца: Віленскі Беларускі Музэй
Адраджэньне ... 6 лютага 2003 / 8:49:00 AM
Вільня — Беларускі музэй ... 6 лютага 2003 / 8:01:00 AM
Царква Сьвятое Тройцы (працяг)... 21 студзеня 2003 / 2:42:00 AM
Царква Сьвятое Тройцы ... 21 студзеня 2003 / 1:27:00 AM
ВЕЖА ГЭДЫМІНА ... 21 студзеня 2003 / 1:22:00 AM
|