|
АДБУДЗЕЦЦА ФЭСТ З НАГОДЫ 70-ГОДЗЬДЗЯ БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ АКАДЭМІІ МУЗЫКІ 10-12 сьнежня ў Менску пройдуць урачыстасьці, прысьвечаныя 70-годзьдзю Беларускае дзяржаўнае акадэміі музыкі (БДАМ). Як паведаміў рэктар акадэміі прафэсар Міхаіл Казінец, падчас сьвяткаваньня юбілею адбудуцца канцэрты камэрнай, фартэпіяннай, вакальнай музыкі, у якіх возьмуць удзел выхаванцы акадэміі - лаўрэаты міжнародных конкурсаў, а таксама замежныя выканаўцы. На 10 снежня заплянаваная навуковая канфэрэнцыя "Музычная адукацыя ў кантэксьце мастацкай культуры". На сьвяточныя мерапрыемствы запрошаныя госці зь Літвы, Украіны,Польшчы, Францыі, Нямеччыны, Кітаю й Амэрыкі. Падводзячы вынікі дзейнасьці акадэміі, Міхаіл Казінец адзначыў, што "вышэйшая музычная адукацыя стала ў Беларусі нармальнай з'явай". Зараз у склад БДАМ уваходзяць шэсць факультэтаў, 23 кафедры, оперная студыя, кабінет народнай музыкі, Праблемная навукова-даследчая лабараторыя музыкі. Філіялы акадэміі дзейнічаюць у Магілёве, Гродне, Брэсце, а ў 2003 годзе адчыняцца ў Гомелі і Віцебску. "Аднак сёньня толькі 30 адсоткаў выкладчыкаў, якія працуюць у музычных школах краіны, маюць вышэйшую адукацыю. Вядома, гэта нонсенс, так не павінна быць. Таму адна з задачаў нашых філіялаў - напоўніць рэгіёны адмыслоўцамі з вышэйшай клясічнай музычнай адукацыяй", - сказаў рэктар. Паводле словаў Казінца, зараз у акадэміі атрымліваюць адукацыю каля 1.200 студэнтаў, з якіх 120 - замежныя. Толькі з 1998 па 2002 год больш за 100 студэнтаў сталі лаўрэатамі прэстыжных міжнародных конкурсаў. Рэктар БДАМ паведаміў, што найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаюцца два факультэты - піяністаў і вакалістаў. Выпускнікі акадэміі маюць магчымасць прадоўжыць навучаньне ў магістратуры, асьпірантуры, дактарантуры. М.Казінец заявіў, што галоўная задача БДАМ - захаваць усё тое, што было назапашана за доўгія гады. Так, 10 гадоў таму ў акадэміі была адкрыта кафедра беларускай музыкі, "адна з наймацнейшых па навуковым патэнцыяле ў СНД". Рэктар таксама паведаміў, што нядаўна ў акадэміі зьявілася новая спэцыялізацыя - "арган", бо "каталіцкія храмы ў краіне патрабуюць добрых арганістаў". За апошнія гады значна пашырыліся міжнародныя сувязі ВНУ: вядзецца супрацоўніцтва з шэрагам найбуйнейшых міжнародных арганізацый, заключаныя дзьвухбаковыя пагадненьні з 14 замежнымі ВНУ і навуковымі цэнтрамі. На базе акадэміі музыкі арганізуюцца міжнародныя конкурсы, праводзяцца майстар-класы вядомых замежных выканаўцаў і педагогаў. Значную ролю ў канцэртным жыцьці краіны адыгрываюць мастацкія калектывы акадэміі: сімфанічны аркестр "Маладая Беларусь" пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца, камерны аркестр "Gradus ad Parnassum", аркестр духавых інструментаў "Фанфары Беларусі", акадэмічны канцэртны хор, ансамблі духавых інструмантаў "Інтрада" і "Сірынкс", якія вядуць актыўную гастрольную дзейнасць.
5 сьнежня 2002 / 6:44:00 AM
Аўтар: Маша ПЯТРОВА Крынiца: Паводле БелаПАН
На радзіме Францішка Багушэвіча з`явіўся крыж ў гонар паэта. ... 2 красавiка 2003 / 9:29:00 AM
Грамадзяне Літвы і Польшчы будуць мець магчымасьць вольнага ... 12 сакавiка 2003 / 3:28:00 PM
Распачынаецца ажыцьцяўленьне праекта “Роварнае кола Нёмана“,... 11 лютага 2003 / 7:49:00 AM
АБАРОНІМ ПУШЧУ -- НЕАЦЭННЫ СКАРБ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ... 22 студзеня 2003 / 2:26:00 AM
ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКУ КІРУЕ ЎСХОПЧЫК... 11 сьнежня 2002 / 9:12:00 AM
|