Першы год нашай дзейнасьці і першая частка адліку
Нам ужо споўніўся годзік! Хочам распавесьці вам як ён прайшоў, што было зроблена, колькі што каштавала й за чые грошы, чаго мы дасягнулі. Зробім гэта за некалькі разоў, бо дзейнасьці было даволі шмат. У гэтым адліку прадстаўленыя рэзультаты дзейнасьці віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, арганізацыі, якая арэндуе памяшканьне на Vilniaus 20 у віленскага самакіраваньня, і субарэндуе часткі яго іншым арганізацыям.
Дык вось, што мы зрабілі за гэты год?
- Па-першае, мы працавалі як музэй: рэстаўравалі нашыя экспанаты, паляпшалі ўмовы іх захоўваньня з дапамогай спэцыяльных архіўных тэчак, дыгіталізавалі і выкладвалі іх у інтэрнэт для агульнага доступу.
- Мы зрабілі некалькі выставаў. Адкрыліся мы з выставай “Чаму воля гэта жанчына” пра пратэстны рух у Беларусі 2020 года і патрыярхат. Потым была выстава прысьвечаная заснавальніку музэя Івану Луцкевічу, выстава, прысьвечаная наведнікам і згадкам у прэсе беларускага музэю, які дзейнічаў у міжваенныя гады ў Вільні, выстава фотажурналістыкі рэпартэраў “Нашай Нівы”, выставы жывапісу беларускіх мастакоў Валянціны Шобы, Алега Аблажэя, і фотавыстава ўкраінскіх твораў “Вайсковы абярэг”.
- Мы зладзілі новую ініцыятыву для беларускіх дзяцей у Вільні: суботнюю школку, куды ў дзьве групы ходзяць дзеці 4-7 і 8-11 гадоў. Школка хутка абрасла новымі цікавымі гурткамі: гуртком “Выдавецтва” для падлеткаў, удзельнікі якога вывучаюць макетаваньне й графічны дызайн, зрабілі часопіс пра наш музэй, а цяпер працуюць над календаром на наступны год; тэатральнай студыяй з заняткамі па вакалу, харэаграфіі і, канешне, тэатральнаму майстэрству; для бацькоў запрацавала бацькоўская школка, дзе с псыхолягам і мэдыкамі можна абмяркаваць актуальныя пытаньні дзіцячага здароўя і выхаваньня. У школцы за мінулы навучальны год прыняло ўдзел больш за 60 сем’яў, чаму мы вельмі радыя! На лета школка знаходзіцца на вакацыях, а з верасьня вяртаецца з новай сілай, новай праграмай і новымі ды старымі гурткамі.
- Запрацавала бібліятэка беларускай мастацкай, гістарычнай, краязнаўчай і дзіцячай літаратуры. Кніжкі выдаюцца да дому на месяц, калі яшчэ не скарысталіся гэтай магчымасьцю, вельмі раім! Дарэчы, штонядзелі мы пачалі ладзіць сустрэчу сяброў бібліятэкі ды беларускай літаратуры агулам: падчас гэтых імпрэзаў мы запрашаем размаўляць пра ўлюбёныя кніжкі, раіць чытанку сябрам і абмяркоўваць усё кніжнае.
- Ладзіліся імпрэзы: кніжныя прэзэнтацыі Вольгі Гапеевай, Аляксея Дзікавіцкага, Уладзіслава Гарбацкага, бібліятэкі радыя Свабода, Уладзіміра Някляева, вечар памяці Алеся Разанава; спэктакль студэнтаў ЕГУ “Міты пра людзей”; канцэрты Андрэя Хадановіча й Зьмітра Бартосіка з усёй сямейкай, літоўскага фальклёрнага гурта “Вэрэя”, а таксама выступ Зьмітра Вайцюшкевіча. Восеньню мы ладзілі традыцыйнае беларускае сьвята Багач,узімку калядавалі, адзначалі стары новы год і дзень сьвятога Валянтына сваімі ўлюбёнымі вершамі пра каханьне. Былі таксама розныя лекцыі: канфэрэнцыя, прысьвечаная беларускай музэялёгіі, лекцыя пра ўкраінскую фэміністычную лінгвістыку, курс лекцыяў псыхоляга ў праграме выставы “Чаму воля гэта жанчына”, мастацтвазнаўчая лекцыя пра сьвятых неразьдзельнай царквы, прэзэнтацыя нашых электронных выданьняў твораў Францыска Скарыны, фэміністычная сустрэча з Юліяй Міцкевіч “8 сакавіка гэта не пра кветкі”. Нядаўна мы пачалі штонядзелі сустракацца пісаць лісты палітвязьням, куды вас вельмі запрашаем: кожная нядзеля, 14:00.
- Не абыйшлося й без майстар-клясаў: разам з дарослымі й дзеткамі мы вучыліся калядаваць, рабілі саломенных павукоў, расьпісвалі яйкі да каталіцкага й праваслаўнага Вялікадня.
- У музэю два разы на тыдзень адбываецца цуд. І не проста цуд, а беларускі. Гэта гурток традыцыйных беларускіх сьпеваў “Беларускі цуд” сьпявае свае прыгожыя песьні.
- Яшчэ зімой мы ладзілі калядны кірмаш беларускіх рамесьнікаў! Вельмі спадабалася, будзем паўтараць, так што запрашаем ужо пачынаць па трошку рукамесьліць!
- А летам мы хадзілі на экскурсыі па віленскіх мясьцінах, і выдалі кніжачку самаэкскурсыі па фальклёрнай Вільні - яе можна бескаштоўна здабыць у нас, або ў віртуальным выглядзе ў нашым інстаграме пад сэкцыяй “Гіды” https://www.instagram.com/belarusiancentre_lt/.
- Мы зрабілі рамонт нашага памяшканьня - гэта была вялізная, шалёна стрэсовая, але вельмі прыгожая ў выніку праца некалькіх месяцаў. Колькі ён каштаваў? Адгадайце! А мы распавядзем пра ўсе лічбы ў наступнай частцы адліку.