На ноч музэяў адкрыецца выстава ніколі раней не паказанай графікі Алега Аблажэя
Запрашаем вас на выставу раньняй графікі віленскага беларускага мастака Алега Аблажэя. На выставе, якая адчыніцца падчас ночы музэяў, можна будзе ўбачыць раней неэкспанаваныя працы, створаныя падчас вучобы на факультэце графікі Віленскай акадэміі мастацтваў в таксама творы канца 1980ых – пачатку 90-х гадоў.
Алег Аблажэй (1954, Лезьнявічы - 2016, Вільня) - беларускі мастак, ілюстратар і эсэіст, вядомы сваім фанатам казачнымі сюжэтамі, майстэрствам і лёгкасьцю тушы ды акварэлі і рамантычнымі пэйзажамі алеем. На гэтай выставе, аднак, будуць паказаныя працы, створаныя да таго, як у мастака ўсталяваўся яго пазнавальны стыль. Чакайце неспадзянак.
На выставе будуць паказаныя работы, якія адносяцца да пачатку Алегава віленскага этапу (самыя раньнія малюнкі датаваныя 1979, калі ён вучыўся на першым курсе Віленскага мастацкага інстытуту – апошнія выкананыя ў 1990 годзе). Выбар абумоўлены тым, што гэта пераломныя гады ў фармаваньні візуальнай мовы мастака Алега Аблажэя, які прыехаў у Вільню «пасьля вучобы ў Віцебску, захоплены жывапісам Чурлёніса, поўны мараў аб сучасным мастацтве, уцякаючы ад сацыялістычнага рэалізму, як тады панаваў у Беларусі», але патрапіў у сытуацыю апісаную ў літоўскай прыказцы Bėgo nuo vilko papuolė ant meškos. У Віленскім мастацкім інстытуце настаўнікам Алега стаў графік Альгімантас Швэгжда, які (наколькі гэта магчыма для савецкага мастака) быў несацыялістычны, але рэаліст, што на працягу свайго творчага шляху ўпарта набліжаўся да «фотарэалізму». Менавіта пад ўплывам Альгімантаса Швэгжды (хоць яны разам папрацавалі ўсяго два гады) Алег Аблажэй паступова стаў больш канцэнтравацца не на фармальных пошуках, а на выяўленьні сваіх моцных бакоў як графіка ў якія ўваходзяць: сьмелая экспрэсіўная лінія пяра, віртуозна дакладны і эфэктны малюнак, упэўненая кампаноўка шматфігурных жанравых кампазыцыяў. Менавіта гэтыя работы васьмідзесятых гадоў замацавалі грунт ягонай моцнай рэпутацыі сярод калегаў, але за межамі вузкага кола тагачасных навучэнцаў Віленскага мастацкага інстытута яны заставаліся невядомымі.
Мне як куратару, хочацца бачыць гэтую выставу першым крокам да пераасэнсаваньня творчай спадчыны Алега Аблажэя і пачаткам пошуку ягонага месца ў гісторыі мастацтва як Літвы так і Беларусі, - кажа куратар выставы Андрэй Антонаў
###Выстава адчыняецца ў Віленскім беларускім музэі імя І. Луцкевіча 18 траўня ў 18 гадзін.