Як дзейнічаюць гандляры людзьмі?
Як дзейнічаюць гандляры людзьмі?
У межах нашага сумеснага з цэнтрам KOPŽI мы працягваем размову пра таргоўлю людзьмі. Аб тым, хто можа стаць патэнцыйнай ахвярай злачынства, як пазнаць ахвяру ў чалавеку, які знаходзіцца побач, і якія метады барацьбы з таргоўляй людзьмі існуюць у розных краінах, мы ўжо пісалі ў нашых інстаграме і тэлеграме. У гэтым артыкуле мы будзем аналізаваць гэтую праблему з пункту гледжаньня злачынца і разьбярэмся, як жа ўласна працуюць гандляры людзьмі.
Як мы ўжо не раз казалі, гандляры людзьмі палююць на тых, хто не мае дастатковай сацыяльнай абароны. Напрыклад, уцекачы, якія не валодаюць мясцовай мовай і, у дадатак, перажылі значны траўматычны вопыт.
Але не варта лічыць, што гандляры хапаюць кагосьці проста ўдзень у нейкіх публічных прасторах. Для таго, каб заманіць ахвяру ў цёмны сусьвет прымусовай працы, злачынцам даводзіцца ўвайсьці ў даволі шчыльны кантакт і атрымаць давер.
Нашае ўяўленьне можа маляваць гандляроў змрочнымі шэрымі мужчынамі, якія хаваюцца пад капелюшамі. Насамрэч, аніякага дакладнага суцэльнага вобразу гандляра людзьмі няма: усе яны вельмі розныя і могуць хавацца пад рознымі «маскамі».
Перад ахвярамі яны могуць з’явіцца ў якасьці: • Рамантычнага партнэра • Працадаўцы • Лідэра нейкай суполкі • Сябра • Сутэнёра, вядома
Бываюць выпадкі, калі той, хто непасрэдна прыцягнуў ахвяру не з’яўляецца старшынёй усёй злачыннай структуры. Больш за тое, «гандляр» можа не атрымліваць аніякай выгады ад вярбоўкі новых людзей, а быць такой жа завэрбаванай ахвярай.
Дзе гандляры знаходзяць ахвяр?
Гандляры людзьмі часта наведваюць месцы, дзе яны могуць дасягнуць уразьлівых людзей. Памятаеце тыя выпадкі на ўкраінска-польскай мяжы, пра якія часта распавядалі на пачатку вайны? Калі на мяжы мужчыны прапанавалі падвезьці з лягера ўцекачоў выключна маладых жанчын? Менавіта лягеры ўцекачоў і з’яўляюцца месцамі канцэнтрацыі людзей, якія знаходзяцца ў складаным становішчы.
Аднак ёсьць і іншыя месцы, напрыклад:
ЦЭНТРЫ ЎТРЫМАНЬНЯ, ПРЫТУЛКІ І ІНТЭРНАТЫ Гандляры людзьмі ведаюць, што людзі ў такіх месцах знаходзяцца ў цяжкім псыхалягічным, матэрыяльным і сацыяльным становішчы. Тут гандляры і могуць падыграць патэнцыйнымі ахвярам, прапаноўваючы фінансавую або эмацыйную падтрымку, каб заваяваць давер.
ШКОЛЫ Адна з асабліва ўразьлівых груп насельніцтва – моладзь. Таму ў школах і іншых адукацыйных установах часта сустракаюцца людзі, якія вярбуюць сваіх аднагодак з ліку ўцекачоў, напрыклад. Быццам бы на роўных і па-сяброўску яны распавядаюць пра лёгкія спосабы зарабіць грошы.
ПАПУЛЯРНЫЯ МЕСЦЫ СУСТРЭЧ Гэта тыя месцы, дзе можа сустракацца моладзь. Прычым у такіх месцах не павінна быць бар’еру для ўваходу. На гарадзкой канцэрты, у гандлёвыя цэнтры, паркі і хатнія вечарыны прыходзяць усе маладыя людзі, незалежна ад іх фінансавага ці сацыяльнага становішча. Менавіта там гандляры могуць пазнаёміцца і ўвайсьці ў давер ахвяры.
САЦЫЯЛЬНЫЯ СЕТКІ Ад часу да часу ўсе мы атрымліваем дзіўныя паведамленьні ад незнаёмых людзей і, часьцей за ўсё, не адказываючы блакуем іх. Але калі вы, напрыклад, пакінулі сваё рэзюмэ на сайце з пошукам працы, і вам у прыватныя паведамленьні пішуць з прапановай, наўрад ці вы будзеце дасылаць такога чалавек у чорны сьпіс. Таму давайце падрабязьней разгледзім тыя самыя прапановы працы, ад якіх лепей бы трымацца падалей.
Прапановы працы
Гандляры людзьмі часьцей за ўсё прапануюць патэнцыйным ахвярам даволі прыстойную працу. Потым, калі ў рэальнасьці ўсё апынецца зусім не такім файным, як абяцалася, ахвяры заўсёды можна будзе прыгадаць, што яна быццам бы сама пагадзілася.
Людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы і прагнуць якой-кольвек падтрымкі, заўсёды будзе бясконца прыемна атрымаць ад новага сябра прапановы аб працы. У такі момант можа падавацца, што гэта нейкі цуд, які раптам вырашыць усе праблемы.
Насамрэч, часта бывае, што нашыя знаёмыя і сябры прапануюць нам падацца на нейкую вакансію. Менавіта так і працуюць сацыяльныя сувязі. Аднак прапановы гандляроў людзьмі значна адрозьніваюцца ад сяброўскай парады.
Чырвоныя сьцяжкі маніпуляцыі:
- Усё гучыць занадта добра. Не патрэбная спэцыяльная адукацыя, не патрэбныя ніякія дакумэнты, не патрэбна нават праходзіць выпрабавальны тэрмін. Проста прыходзьце і пачынайце зарабляць вялікія грошы за простую працу.
- Праца, на якую звычайна цяжка прабіцца. Гандляры людзьмі могуць прапанаваць працу акторкай, мадэльлю ці яшчэ кім-небудзь і, звычайна, у нейкім даволі аддаленым горадзе ці краіне.
- Працадаўца задае шмат асабістых пытаньняў, якія не маюць дачыненьня да патэнцыйнай працы. Хаця ў нашай культуры ўсё яшчэ лічыцца нармальным задаваць жанчынам пытаньне, ці не забіраюцца яны хуткім часам зацяжарыць і сысьці ў адпачынак, пытаньні гандляроў людзьмі звычайна яшчэ больш асабістая і недарэчныя. Ці ёсьць у вас партнэр_ка? Ці маеце сяброў у гэтай краіне? Ці падтрымліваеце кантакт са сваякамі? Усе гэтыя пытаньні варта перакладаць як: ці будуць цябе шукаць, калі ты раптам зьнікнеш?
- Працадаўца просіць нікому не распавядаць пра гэтую працу. Звычнай гэты тлумачыцца тым, што ў такім выпадку колькасьць жадаючых значна перавысіць колькасьць вакансій. Або тым, што па дакумэнтах вам будуць плаціць адну суму, насамрэч – іншую, але ж нам не патрэбныя праблемы з законам, праўда?
- Працадаўца просіць аддаць вашыя дакумэнты, або ўнесьці нейкую суму ў конт будучага заробку.
Калі ў вас ёсьць падазрэньні наконт нейкіх людзей або арганізацыі, не пытайцеся выводзіць іх на чыстую ваду самастойна. Зьвярніцеся ў паліцыю, або ў цэнтар па барацьбе з таргоўляй людзьмі і працоўнай эксплуатацыяй KOPŽI па нумары +370 679 61617.