Што пачытаць пра таргоўлю людзьмі
Што пачытаць пра таргоўлю людзьмі
Наш цыкл лекцый пра таргоўлю людзьмі, які мы рабілі сумесна з цэнтрам завяршаецца. Але такую тэму цяжка ахапіць некалькімі лекцыямі і артыкуламі. Таму мы сабралі для вас сьпіс карысных крыніц, дзе можна даведацца аб гэтай страшнай з’яве болей. Сёньня распавядзём пра кнігі, мастацкія і дакумэнтальныя, якія варта пачытаць, каб яшчэ болей пагрузіцца ў тэму таргоўлі людзьмі і барацьбы супраць яе.
Наташы
Фота01. Вокладка кнігі «Наташы. Унутры сусьветнай сэкс-таргоўлі». Крыніца: kobo.com
«Наташы. Унутры сусьветнай сэкс-таргоўлі» (The Natashas inside the new global sex trade) – кніга канадзкага журналіста Віктара Маларэка ўбачыла свет у 2004 годзе. Шмат у чым гэта быў рэакцыйны адказ на сацыяльныя зрухі, якія адбывалі ва Ўсходняй Эўропе на працягу апошніх дзесяці год дваццатага стагодзьдзя.
Наташы – менавіта так прынята паўабразліва называць усіх дзяўчын з усходняй Эўропы. У пост-каланіяльным дыскурсе ўсе выхадцы з прасторы краін Варшаўскай дамовы ўспрымаюцца менавіта як расейцы. Самым вядомым расейскім жаночым іменем на Захадзе стала чамусьці менавіта «Наташа». І менавіта так карыстальнікі сэкс-паслуг называюць сэкс-працоўніц з Усходняй Эўропы.
У «Наташах» Віктара Маларэк падрабязна апісаў жыццёвы шлях розных дзяўчын, якія трапілі ў асабістую залежнасьць ад сутэнераў, і сталі вымушаныя гандляваць сваім целам, каб застацца жывымі.
У амаль рабскае становішча гераіні трапілі рознымі шляхамі. Некаторыя наіўна паверылі ў абяцаньні добра аплочваемай працы ў Эўропе.Некаторыя былі ў прамым сэнсе выкрадзеныя злачынцамі Некаторых падманулі сябры ці сваякі.
Кнігу можна знайсьці ў сетцы на ангельскай і расейскай мовах.
Дзяўчына, якая гуляла з агнём
Фота02. Вокладка кнігі «Дзяўчына, якая гуляла з агнём». Крыніца: cloudfront.net
Сэрыя кніг пра дзіўную дзяўчыну-хакера Лісбэт Саландэр выйшла ў 2006 годзе. Дзякуючы серыі фільмаў, у шырокай аўдыторыя гісторыя Лісбэт успрымаецца выключна як нейкі трылер з крывавымі сцэнамі і ціскам на псыхіку гледача. Насамрэч, аўтар серыі, швэдзкі журналіст Стыг Ларсан, у сваіх раманах падымаў востра сацыяльныя тэмы, характэрныя як для Швэцыі, так і для ўсяго сучаснага сусьвету.
Другая кніга з сэрыі, якая называецца «Дзяўчына, якая гуляла з агнём» раскрывае менавіта тэму таргоўлі людзьмі. Як і ў «Наташах» Маларэка, у рамане Ларсана ахвярамі таргоўлі станавіліся менавіта дзяўчыны з усходняй Эўропы.
Аднак у «Дзяўчыне, якая гуляла з агнём» ахвяры і іхні лёс не становяцца цэнтрам сюжэту. Ларсану было нашмат цікавей разабрацца з тым, чаму такі від злачынстваў увогуле магчыма ў сучаснай Эўрапейскай краіне. Якія структуры зацікаўленыя ў тым, каб сэкс-праца і таргоўля людзьмі квітнелі, і чаму дзяржава ў 21 стагодзьдзі не можа справіцца з «найстаражытнай прафэсіяй».
Сэкс-таргоўля: усярэдзіне індустрыі сучаснага рабства (Sex trafficking Inside the Business of Modern Slavery)
Фота03. Вокладка кнігі «Сэкс-таргоўля: усярэдзіне індустрыі сучаснага рабства». Крыніца: cloudfront.net
Гэтая кніга, у адрозьненьні ад першых дзьвюх, не мастацкая і нават не публіцыстычная. Гэта навуковая праца амэрыканскага дасьледчыка Сідхартха Кары (анг: Siddharth Kara). Упершыню з таргоўляй людзьмі як сацыяльнай з’явай спадар Сідхартх сутыкнуўся ў басьнійскім лягеры бежанцаў. Затым дасьледчык не раз заўважаў, як бежанства і сэкс-праца ідуць рука аб руку.
У кнізе «Сэкс-таргоўля: усярэдзіне індустрыі сучаснага рабства» амаль няма яскравых эмацыйных апісаньняў і дэтэктыўнага сюжэту. Затое ёсьць шмат статыстыкі, сухія факты і разуменьне таго, што сэкс-таргоўля – гэта шмат гісторый бедных дзяўчын, якім вельмі не пашчасьціла. Гэта агульначалавецкая сацыяльная праблема, якая вынікае з чалавечай прыроды і раскрываецца з-за маўклівай згоды грамадзтва.
Кнігу можна знайсьці на ангельскай мове ў вольным доступе.