ПРАЕКТЫ
Жаночы клюб
У нашых продкаў існавала цудоўная традыцыя. Даўгімі зімовымі вечарамі жанчыны збіраліся разам, шылі, ткалі, вышывалі, а разам з тым дзяліліся досведам, баілі казкі і проста гутарылі.
У Цэнтры беларускай культуры й супольнасці мы працягваем традыцыі продкаў, захоўваем іх, а таксама, нібыта мост, пераводзім іх у сённяшні дзень.
Жаночы Клюб пачаў працаваць 18 студзеня 2023 года.
Кожная сустрэча будзе ўмоўна складацца з дзвюх частак: кароткай тэарэтычнай (даведваемся пра беларускую культуру) і больш даўгой практычнай (ствараем рэчы самі).
У межах тэарэтычнай часткі (займае каля паловы гадзіны) штосустрэчу мы рыхтуем і дзелімся прэзентацыямі па тэмах, звязаных з беларускай культурай, рамёствамі, традыцыямі. І пасля праводзім абмеркаванне, часцяком удзельніцы Клюбу дзеляцца ўласнымі гісторымі, як, напрыклад, рабілі тыя ці іншыя рэчы іх бабулі.
На сустрэчах мы ўжо абмеркавалі наступныя тэмы:
- беларускія строі;
- рэгіянальныя асаблівасці строяў;
- прыкрасы;
- ткацтва;
- пляценне паясоў;
- Слуцкія паясы;
- ручнікі;
- Вялікдзень і яйкі-пісанкі;
- бісерапляценне;
- тэхнікі вышыўкі;
- вышыўка процягам і г.д.
Практычная частка займае асноўны час сустрэчы. Звычайна паўтары гадзіны. Наш рэкорд – дзве з паловай гадзіны на сустрэчы па ткацтве паясоў на дошчачках.
Пачыналіся сустрэчы ад болей простых вырабаў. Але пакрысе задачы рабіліся ўсё болей складанымі, як выклік сам сабе. Аднак, каб кожнай удзельніцы Клюбу было ўтульна, заўсёды можна папрацаваць над уласным праектам ці, калі прапусцілі, паспрабаваць адну з тэхнік папярэдніх сустрэч (бо адным падабаюцца болей аб’ёмістыя праекты, а ў іншых лепш атрымліваюцца невялічкія вырабы).
Сярод вырабаў удзельніц Жаночага Клюбу: • Традыцыйныя плеценыя “павукі” • Каралі • Бранзалеты, тканыя бісерам • Сувеніры і прыкрасы, упрыгожаныя вышыўкай (бісерны крыжык, сцяблістае і тамбурнае шво, лікавая гладзь, процяг і г.д.) • Сурвэткі і іншыя вырабы, упрыгожаныя мастацкай гладдзю • Неглюбскія гарлячкі • Яйкі пісанкі-маляванкі • Паясы, тканыя на дошчачках • Ручнікі, вышытыя процягам І інш.
Маем намер запрашаць спецыялістаў, якія маглі б правесці семінары, на важныя і цікавыя для жанчын тэмы. Так, першай адмысловай госцяй Клюбу была доктар акушэр-гінеколаг, якая падзялілася ведамі пра жаночае здароўе. Атрымалася вельмі карысная сустрэча ў фармаце пытанняў і адказаў.
На кожнай сустрэчы мы ствараем камфортную, сяброўскую атмасферу. Удзельніцы Клюбу могуць падзяліцца адна з адной не толькі досведам, але і тым, што турбуе, што хацелася б абмеркаваць.
Вырабы ўдзельніц Клюбу можна паглядзець ніжэй у галерэі.
Далучыцца да Жаночага Клюбу можна ў любы час – сустрэчы праходзяць штоаўторак, а 18:30.