ПРАЕКТЫ
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, дзейнасьць якога была прыпынена ў 1945 годзе, захаваўся ў памяці наведвальнікаў як сапраўдная “беларуская Мэка”, цэнтр культурнага жыцьця беларусаў у Вільні, “сьвятое месца”. Установа, якая зьбірала, захоўвала, дасьледавала, папулярызавала сьведчанні слаўнай беларускай гісторыі, этнаграфіі, мастацтва. Менавіта таму ўзгадкі пра Музэй можна знайсьці ва ўспамінах вядомых беларускіх грамадскіх дзеячоў, паэтаў, мастакоў, педагогаў і звычайных наведвальнікаў, якіх закранулі багацьці, сабраныя шчырым рупліўцам беларушчыны Іванам Луцкевічам. Трагічны лёс Музэю і яго заснавальнікаў адбіўся ў памяці сучасьнікаў і стаў значнай стратай для ўсяго беларускага народа. Менавіта таму не спыняюцца намаганьні сучасных навукоўцаў па пошуку, вывучэньні і аднаўленьні страчанай спадчыны.
Віленскі беларускі музэй адыграў выключна важную ролю падчас фармаваньня беларускай нацыі ў першай палове ХХ ст. і працягвае аказваць уплыў на сучасны нацыястваральны працэс. Міф, створаны музэем, яго інтэрпрэтацыя беларускай мінушчыны і самога разуменьня “беларускасці”, аказаліся надзвычай жыцьцяздольнымі і трывалымі нягледзячы на фізічную раскіданасьць збораў.
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, які дзясяцігодзьдзямі назапашваў, зберагаў і экспанаваў скарбы беларускай зямлі, спыніў сваё існаваньне. Аднак, у 2001 г. была зроблена рэальная спроба аднаўленьня інстытуцыі. У Вільні намаганьнямі Сяржука Вітушкі было зарэгістравана грамадскае аб’яднаньне “Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча”, якое ставіць мэтамі даследаваньне старажытнай гісторыі, фіксацыю гістарычнага працэсу і прэзэнтацыю гістарычных ведаў у грамадстве. Падкрэсьліваецца, што музэй зьяўляецца самастойнай грамадскай установай, зарэгістраванай у Літоўскай Рэспубліцы. “Сваю дзейнасьць мы разумеем як працяг віленскай музэйнай традыцыі і таму падкрэсьліваем - мы ня проста ствараем - мы адраджаем Віленскі Беларускі Музэй.” - дэкларуюць стваральнікі (Галіна Войцік, Сяргей Вітушка, Сяргей Дубавец, Таццяна Поклад, Людвіка Кардзіс).
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ўжо больш за два дзесяцігодзьдзі займаецца зборам і захоўваньнем прадметаў даўніны, рукапісаў, дакумантаў, фатаграфій і іншых сведчаньняў жыцьця і дзейнасьці беларусаў розных пакаленьняў. Каштоўнасьць сямейнай гісторыі і сямейных дакумантаў часта не ўсьведамляецца грамадзянамі, а таму ўнікальныя сьведчанні гісторыі краіны страчваюцца як для нашчадкаў, так і для дасьледчыкаў. Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча прыцягвае ўвагу грамадскасьці да ўнікальнай каштоўнасьці гісторый індывідаў і сямейных дакумантаў, якія зьяўляюцца часткай агульнай гісторыі беларусаў. Падобны погляд на гісторыю краіны дапамагае ўмацаваць разуменьне важнасьці асобы ў гістарычным наратыве краіны, фармуе ідэнтычнасьць грамадзяніна.
Дакуманты, фатаграфіі, альбомы, дзёньнікі, рукапісы, плакаты, упрыгожваньні, вайсковыя і іншыя памятныя рэчы, якія захоўваюцца ў хатніх калекцыях, зьяўляюцца ўнікальным сьведчаннем як гісторыі асобных людзей, сем’яў, так і мясцовых супольнасьцяў. Часам забытыя, часам патрабуюць аднаўлення, але чакаюць, каб іх ізноў адкрылі й паклапаціліся аб перадачы для наступных пакаленьняў і для архівістаў, для дасьледнікаў. Музэй адноўлены для іх і для ўсіх тых, хто памятае і клапоціцца пра сямейныя гісторыі і архівы, пакінутыя іх продкамі, і хацеў бы даведацца, як лепш захаваць іх.
Зборы сучаснага ВБМ імя І. Луцкевіча захоўваюць:
Асабістыя дакуманты і рэчы віленскіх беларускіх дзеячоў
Асабістыя рэчы віленскіх беларусаў, ад пачатку ХХ ст.
Асабістыя дакуманты ад 1904 г.
Рукапісы мэмуараў беларускіх дзеячоў, другая палова ХХ ст.
Мэбля віленскіх беларускіх дзеячоў (буфеты, камода, канапа, шафа, стол, крэслы), ад канца ХIХ ст.
Эпісталярны фонд, ліставаньне з фронту першай сусьветнай, з са сталінскіх лягероў, асабістая перапіска беларускіх дзеячоў з міжваеннага часу да позьніх савецкіх гадоў.
Этнаграфічныя запіскі ХХ ст.
Вучнёўскія сшыткі віленскай беларускай гімназыі 1927 г.
Літаратурныя пераклады Я. Шнаркевіча, зробленыя ў лукішскай турме, 1927
Касэты з аўдыя і відеа запісамі інтэрвю з віленскімі беларусамі
Фатаздымкі
Здымкі віленскіх беларускіх арганізацыяў першай паловы ХХ ст.
Здымкі беларускіх дзеячоў з асабістых архіваў.
Фотаальбомы беларускіх дзеячоў.
Выданьні
Беларускія кнігі, выдадзеныя ў Вільні, а таксама ў Коўні, Менску й Санкт-Пэтэрбургу, пачатак ХХ ст.
Мастацкія, навуковыя, падручнікі.
Беларускія газэты, выдадзеныя ў Вільні й Менску 1910-1944 гг.
Кнігі на розных мовах канца ХІХ ст.
Паштоўкі.
Каляндары ад 1920-х гг.
Мапы Віленскага краю й ваколіцаў 1915, 1930, 1942 гг.
Малітоўнікі 1930-х, 1944 г.
Прыкладное мастацтва
Вышыванкі 1920-30-х, а таксама зробленыя ў сталінскіх лягерах.
Тканыя рушнікі пачатку ХХ ст., адзін саматканы рушнік з калекцыі старога Беларускага музэю.
Саматканая вопратка пач. ХХ ст.
Карціны
Жывапіс і малюнкі Пётры Сергіевіча.
Карціны іншых беларускіх мастакоў, 1970-2000 гг.
Абразы, пачатак ХХ ст.
Калекцыя найноўшай гісторыі
Архіў недзяржаўных менскіх беларускіх арганізацыяў канца 1980-х гг.
Саміздатныя менскія газэты канца 1980-х гг.
Архіў жнівеньскіх падзеяў у Беларусі, які музэю перадала рэдакцыя “Нашай нівы”, ~1500 здымкаў і відэаматэрыялаў, 2020-2022 гг.
Бібліятэка мастацкай, краязнаўчай, гістарычнай літаратуры ад савецкага перыяду да сучаснага
Прыходзьце і актыўна далучайцеся, бо музэйныя сьцены ёсцьць вашыя, твае.
I. Luckevičiaus baltarusių muziejus, VšĮ
Дырэктар: Людвіка Кардзіс
+37065068618
E-mail: vilenski.muzej@gmail.com