ПРАЕКТЫ
Беларуская школка
Беларуская Школка ў Вільні
Школка працуе ад 2021 года. Гэта адзін з самых буйных праектаў Беларускага Дома ў Вільні.
Галоўная мэта Школкі – гэта падтрымка дзяцей і бацькоў беларускай дыяспары ў Вільні. Дзякуючы праекту беларусы маюць магчымасць падтрымліваць камунікацыю, развіваць свае веды і мацаваць беларускую ідэнтычнасць.
Школка прапануе нефармальную адукацыю для дзяцей і падлеткаў.
Заняткі праходзяць кожныя выходныя – па суботах і нядзелях.
Заняткі ў Школцы бясплатныя.
У бягучым навучальным годзе ў Школцы працуе 14 гурткоў:
- Беларуская мова (3 – 5 год)
- Беларуская мова (6 – 9 год)
- Літоўская мова (6 – 9 год)
- Ангельская мова (6 – 8 год)
- Ангельская мова (9 – 12 год)
- Беларусазнаўства
- Тэатральная студыя
- Тэатральная майстэрня і арт-тэрапія
- Творчая майстэрня (2 групы)
- Выяўленчае мастацтва
- Хор
- Робататэхніка
- Псіхалагічны клюб для падлеткаў
- Нейра-атыповая група
На занятках выкарыстоўваюцца аўтарскія методыкі нашых настаўнікаў. Заняткі праводзяцца ў нефармальнай атмасферы. Асаблівая ўвага надаецца камунікацыі паміж дзецьмі і бацькамі, каб кожны, хто прыходзіць у Школку адчуваў сябе ўтульна.
Мова заняткаў – пераважна беларуская. І мы імкнемся сферу яе выкарыстання павялічваць.
Прыкладна раз на месяц мы імкнемся праводзіць мерапрыемствы для дзяцей і дарослых, якія звязаныя з культурай Беларусі:
- Дзяды
- Каляды
- Шляхетны баль
- Гуканне вясны
- Дзень роднай мовы і г.д.
На перапынках навучэнцы і іх бацькі падсілкоўваюцца гарбатай і рознымі прысмакамі (печыва, садавіна, гародніна). А добрай традыцыяй нашых святкаванак сталі супольныя абеды.
У Беларускім Доме таксама маецца даволі буйная бібліятэка, частку фонду якой стварае дзіцячая літаратура на беларускай мове. Дзеці маюць магчымасць узяць пачытаць дадому як адносна даўно выдадзеныя кнігі, так і навінкі, а таксама дзіцячыя энцыклапедыі, прысвечаныя Беларусі. Дзякуючы падарункам і данатам мы ўвесьчасна павялічваем фонд дзіцячай літаратуры.
Далучайцеся да Беларускай Школкі ў Вільні! Ці проста заходзьце ў госці. Мы будзем вам радыя!