Галіна Сівалава
Галіна Сівалава
Нарадзілася ў 1954 ў вёсцы Еўлашы.
- Сузаснавальніца і былая дырэктарка Віленскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны
- Настаўніца
- Грамадская дзяячка

Галіна Сівалава, загрымаваная ў межах перфарматыўнага праекта.
Пра сям’ю і паходжанне
Мой бацька з наваградскага раёна. Пасварыўся са сваёй дзяўчынай у інстытуце, і прыслалі яго ў Шчучынскі раён працаваць. Ён гэтай дзяўчыне кажа: «Не хочаш са мной? Тады паеду ў вёску і жанюся на вучаніцы». А пасля вайны — пераросткі.
«Пераросткі» — неафіцыйная назва вучняў і вучаніц, якія праз вайну не хадзілі ў школу, але пасля яе заканчэння зноў пачыналі вучобу, нягледзячы на ўзроставыя адрозненні ад асноўнай масы школьнікаў і школьніц.
Бацька ўжо стаў дырэктарам, і мая мама — тады школьніца — закахалася ў дырэктара сваёй школы. А маці такая прыгожая! І ён сябраваў з яе старэйшымі братамі — сям’я шматдзетная.
Але ў бацькі быў страшэнна цяжкі характар. У школе было: калі дырэктар выходзіць у калідор — гэта заўсёжы цішыня такая. Ён заўсёды казаў: «я не разумею, як можа быць у настаўніка «няма дысцыпліны ў класе»». Ён не крычаў ніколі, але ён мог так глянуць, што гэтага хапала дзецям. Ён настолькі «властный», што называецца быў. Ён нянавідзеў савецкую ўладу ўглыбіні, хоць і быў камуністам. Нас [дзяцей] у сям’і было трое. Я была старэйшай. І бацька мне, як першай дачцэ, шмат вельмі расказваў таго, чаго ўжо ні сястра не атрымала, ні тым болей — брат. Мала таго, я яшчэ памятаю, як да бацькі прыходзілі старшыня калгаса, старшыня сельсавета… Яны на паляванне — разам, а потым сядзелі там, пілі. І яны расказвалі такія рэчы, якія я толькі пазней магла [асэнсаваць]…
У старшыні калгаса быў сябар — палкоўнік Круглоў. Ракетныя войскі ж сталяі недалёка. І ён да нас прыязджаў са сваёй агромнай ракетай на машыне. Стаялі салдацікі, караўлілі, а ён піў у нас. І дапіваўся да«глюкаў», і крычаў:«Я ж своим в лицо стрелял! Я ж был в заградотрядах!». Я доўга не разумела…
Заградотряды (скарочана ад «заградительные отряды», або заградатрады) — гэта спецыяльныя падраздзяленні, створаныя ў Чырвонай Арміі падчас Другой сусветнай вайны на падставе загаду № 227 («Ні кроку назад!») ад 28 ліпеня 1942 года і дзейнічалі як у зоне баявых дзеянняў, так і ў тылах савецкіх войскаў. Заградатрады выкарыстоўваліся для прымусовага ўтрымання салдат на пазіцыях і маглі прымяняць жорсткія метады, уключаючы расстрэлы тых, хто спрабаваў уцячы.
Як у 80-я пачалі ў гарбачоўскі час ужо пісаць пра «заградотряды»… Ах вось яно што.
А бацька чаго толькі не расказваў. У нас быў партрэт Леніна. Ну, ад рукі бацька маляваў з нейкай газеты, як прыйшлі саветы. І як пачалася вайна, гэты партрэт узялі схавалі ў куфар і закідалі кажухамі. І, кажа, хадзілі партызаны. Мы ж не зналі: хто белыя, хто чырвоныя партызаны. Партызаны прыходзілі і траслі ўсе. І, кажа, пачалі трасці той куфар. Забіраюць кажухі… А мы стаім побач і думаем: ці растраляюць, як убачаць, ці пахваляць. Мы ж толькі тады даведаемся, хто яны. І яны, кажа, апошні кажух паднялі, а там ужо быў гэты [партрэт]… А ён дзіравы-дзіравы, парваны, стары. Яны — ляп назад! Пакідаем вам [кажухі]. Так мы гэта і не ведаем: якія гэта былі партызаны.
А пасля вайны бабка павесіла ў адзін кут ікону, а ў другі кут — гэтага Леніна. І абое з рушнікамі. Прыйшоў бацюшка перад Пасхай і кажа: «А божа, Аксіння, што ты нарабіла?» Яна кажа: «Не памылішся айцец, гэта бог — учарашні, гэты — сённяшні.» Бацюшка хмыкнуў і пайшоў.
А ўвогуле бацька выбіў для васьмігодкі па свайму праекту вялізную школу каля старадаўняга парку. У вясковай школе нельга было спортзал будаваць па тым законе, і ён выбіў праз знаёмых, каб калідор быў такі шырокі, каб ён быў як спортзал. Адзінае, вокны ўжо там… У футбол не пагуляеш ці што.
Мама стала таксама настаўніцай, спачатку была бібліятэкарам, потым — настаўніцай пачатковых класаў.
Я вельмі шмат школ скончыла. Да шостага класа — у адной, у шостым класе — у бальніцы паўгода была, то там сваё навучанне было. У мяне рэўматызм быў моцны. Потым у восьмым класе я ў санаторый трапіла — паўгода зноў. Вось тады я узненавідзела жонак ваенных.
Усе мае выхавацельніцы, усе настаўніцы — усе жонкі ваенных — усе смяяліся з мяне, бо я не ведала тэрміналогіі па-руску. І гэта была трагедыяй для мяне, як смяяліся. А сапраўднай нацыяналісткай я стала ў шостым класе.
Я ляжала ў гэтай бальніцы, у той бальніцы палова дзяцей — з ваеннага шчучынскага гарадка. Побач з бальніцай была беларускамоўная школа. Кожную раніцу з вёсак з аўтавакзала ішлі дзеці ў гэтую школу, і на плоце віселі ўсе гэтыя дзеці ваенных і абзывалі іх неверагоднымі словамі. Не матамі, не, але якія толькі не прыдумвалі, якая толькі іх фантазія руская не прыходзіла ім у галаву.
А я стаяла ззаду і думала: вось скажу слова не так рускае, і весь гэты натоўп развернецца і мяне тут заклюе. Вы не ўяўляеце, як гэта было для дзіцяці вясковага. Я таксама ў такую школу хадзіла, толькі ў вёсцы. За тое потым па-руску лепш здавала экзамены, чым па-беларуску ў інстытуце. Я восем класаў у сваёй школе кончыла, дзявяты — у Дзятлаве, жыла ў сям’і майго дзядзькі. У дзясятым я ў бацькавай сястры каля Любчы жыла, і скончыла гэтую любчанскую школу. Гэта школа мне шмат дала, бо ў ёй быў дух такі… Бацька расказваў, як яе канчаў. Яе адбудоўвалі пасля Першай сусветнай вайны талакой. Людзі з вёсак самі прыходзілі.
Насупраць нас у Любчы жыла баптыстка, яна мне дала Біблію. Бацька аднойчы прыехаў, а ў мяне знізу ляжыць Біблія, зверху — Маякоўскі. І ён так паглядзеў: ну, ясна. Праходзіць час, і мне сніцца сон, што я іду па пустыні, а пустыня колера бітай цэглы. З неба мне рука працягвае абсалютна сухую галіну. Голаса я не чую, але я ўнутры знаю, што мне кажуць: садзі. І я бяру гэтую сухую галіну, у бархан адзін усоўваю, і яна ў мяне на вачах зазелянела. Я цяпер думаю, ці гэта было пад уплывам Бібліі прачытанай, ці гэта праўда нейкія наперад… Ну, у Бога свае замарочкі.
І мне было хораша [у той школе], незвычайна хораша.Гэта была беларускамоўная школа, усё. Але цяжка, канешне, потым было вучыцца [ва ўніверсітэце].
А я ўвогуле марыла закончыць гістфак, каб стаць археолагам. У мяне была незвычайная мара знайсці бібліятэку Аляксандра Македонскага паміж Амур-Дар’ёй і Сыр-Дар’ёй. Калі глядзелі фільм «Джэнтэльмены ўдачы», то яны ж там шукалі залаты шлем Аляксандра Македонскага. Вось гэты адгалосак таго гістарычнага факта.
У Аляксандра Македонскага быў паход на сярэднюю Азію. Ён нават гарады там заснаваў, яны да гэтага часу існуюць. І па прыданні, кажуць, што ён як з’яджаў у паход, забраў знакамітыя александрыйскія бібліятэкі: рукапісы, світкі: вёз іх з сабой і чытаў. Калі паварочваўся, то пакінуў іх, закапалі ў скрынках. Казаў: «Вярнуся, далей паход прадоўжу і адкапаю світкі».
Потым тую бібліятэку палілі хрысціяне, шмат чаго не засталося. Увогуле ўвесь навуковы свет лічыць, што калі знайсці гэтыя куфры са світкамі, то шмат якія філософскія, п’есы і працы вялікіх філосафаў, паэтаў, будуць чытацца ўпершыню.
І мне была мара: знайсці гэтую бібліятэку Аляксандра Македонскага. Ужо будучы тут дырэктарам, я 12-му класу расказвала: я не стала археолагам. У мяне была тройка па нямецкай, я не рызыкавала [паступаць на гістфак]. Думала, павучуся, тады перавядуся. Я прышла пераводзіцца, і ў мяне жыла лопнула: колькі мне трэба было даздаваць, плюс пасля першага курса ўвогуле не пераводзілі, пасля двух курсаў мяне пераводзілі на другі курс гістфака. Але трэба было здаць 9 залікаў і 5 экзаменаў. Тое, што не вучыла. За лета рыхтавацца, сядзець і даздаваць да новага года. І яшчэ не факт, што ты ўсё здасі. І я не рызыкнула, думаю: «Ай, потым». Потым нічога не бывае. Ці ты робіш, ці не робіш.
Аднойчы ў краме ў супермаркеце стаю і дзіцячым галаском гавораць дзеці па літоўскаму радыё. Адзін з малых кажа: «Ведаеце, кожнаму трэба памятаць пра сваю мару і знаць, што акрамя вас яе ніхто не здзейсніць». Мне ўжо гадоў за 50 было, думаю: «І праўда». Дагэтуль не чула, каб хтосьці з усёй планеты сказаў: «Давайце арганізуем археалагічную экспедыцыю на пошукі гэтай бібліятэкт».
А адзін выпуск нават зняў фільм, быццам я шукаю ўсё ж такі гэтую бібліятэку, і недзе каля школы аказалася. І мяне хлопцы так парадзіравалі.
У выніку я скончыла факультэт пачатковых класаў і прыродазнаўства. Бо я паступіла ў той год, калі закрылі хімбіяфак, а выкладчыкі заставаліся. У мяне — настаўніцы пачатковых класаў — была мінералогія, картаграфія, палявая практыка, батанічная, заалагічная практыка ў заапарку.

Галіна Сівалава ў юнацтве.
Пра першую працу пасля ўніверсітэта
Мяне прыслалі ў спецінтэрнат у Гальшанах пасля інстытута. У манастыры гэта [будынак спецінтэрната] было. Дзеці ўмственна адсталыя, з эпілепсіяй.
тут прыведзеная цытата гераіні. Рэдакцыя звычайна замест выразу «ўсмственна адсталыя дзеці» выкарыстоўвае тэрмін«дзеці з асаблівасцямі развіцця». Рэкаменжуем азнаёміцца з наступным матэрыялам, каб больш дазнацца пра (не)карэктныя тэрміны, датычныя ўразлівых груп: https://theothersby.org/shto-takoe-slyur/.
Я зайшла ў касцёл тады: туды можна было з манастыра прайсці. Там была фрэска, шыкоўная фрэска. І да паловы пааблазіла: стала крышыцца гэтая штукатурка. Там калхоз трымаў бульбу, буракі.
І я ўспомніла верш па-моему Еўтушэнкі: «…у душы так пуста як у саборы, када ў ім овашчы хранят». І я думаю: вось цяпер я разумею, што меў на ўвазе паэт.
А цяпер я была ў тым касцёле, калі прыязджала да сяброўкі. Яна раней жыла яшчэ ў Дзятлаве. І мы з ёй былі ці на каляды, ці на ўсеночную. Бачыла адрэстаўраваны гэты храм. А там [у кляштары] зрабілі музей, ну там жахліва, слухайце. Хіба там для дзяцей быў інтэрнат?
Манастырскія своды, халадно, туалет — далёка-далёка. Адна лампачка вісіць. Гэтыя малыя дзеці баяцца схадзіць, у штаны робіць. Ногі мыць — халоднай вадой.
Днём у тазік набярэш, на печку паставіш, каб трохі сагрэлася тая валады. Ужо як выпаліць, тады ўсе ў гэтым тазіку ўсе ногі перамыюць.
У хрушчоўскія часы манастырскую бібліятэку ўсю ў падвал зняслі. А потым туды бочкі з капустай было загадана [перанесці], і гэтую бібліятэку ўсю палілі. Што паспелі людзі расцягаць…
Як я прыехала на працу ўладкоўвацца, у дырэктара на стале было «Первое посмертное издание писем и дневников Чехова», і я папрасіла гэты том. Там было напісана па-польску, што з гэтай бібліятэкі…
А пасля мяне перавялі ў Ашмяны ў трэцюю школу, якая толькі адкрылася. Я добра малюю, то я яе проста афармляла і плюс вяла першы клас. На другі год я вяла эксперыментальны клас. Што цікава, я збірала дзяцей, хадзіла па хатах, — гэта ж эксперыментальная праграма. Мне давалі спісы, дзе дзеці такога ўзроста, і я хадзіла па Ашмянах, угаворвала тых, каторыя не ў першы клас, а праз год: аддайце ў мой эксперыментальны клас.
Я пра гэта забылася, як набірала ў першы клас у Вільню, а потым успомніла: бацюхны, ды я ж гэта ўсё па коле хаджу.
Там сабраўся нармальны клас, а ні падручнікаў, ні праграм нармальных. Я ўсё эксперыментавала: на спецыяльных курсах з Масквы ў Мінску былі, там начытвалі… Але ж справа ў тым, што мне падабалася гэта.
Памятаю, завуч прыйшоў, а ў мяне малыя чытаюць. Уяўляеце, сярэдзіна год, дзеяцям пяць з паловай — шэсць год, а яны чытаюць. І ён кажа: «Дзеці, гуляйце, не слухайце сваю настаўніцу, гуляйце!»
На наступны год — у 1979 — я з’ехала ў Вільню.
Пра першыя гады ў Вільні
У Ашмянах я павучыла дзяцей — гэтую нулёўку, — а тады ў мяне паразрывалі гэтых дзяцей па класах: у першы — А, Б, В. І мне «натраслі» другіх дзяцей. Я ўлетку паехала ў адпачынак і напісала заяву пра звальненне. Нават маме не сказала.
Прыехала ў Вільню, пайшла на тыя заводы, дзе прапіскі не трэба. Першы час жыла ў свайго калегі. Ён калісьці быў ахоўнікам у Снечкуса — у першага сакратара [кампартыі Літоўскай ССР].
А потым яго [калегу] у 52-м саслалі, а ў 56-м вярнулі: Сталін акурат памёр. Вярнуўся, а палова Вільнюса была пустая: габрэяў усіх парастрэльвалі ў Панарах. Ён засяліўся ў адну з кватэр. Кажа, сніцца яму сон, што прыходзіць да яго рабін і кажа: «Я тут у сцяне замураваў скарб, ты яго павінен знайсці. Сярод ночы прачынаюся, жонка спіць, а ён пачаў сцены выстукваць. І ён выстукаў».
Выламаў кавалак сцяны, а там аказваецца, Тора ляжала. У Вільні было тады 3 сінагогі пасля вайны. Адну Сталін закрыў сваім указам, бо там, маўляў, друкавалі фальшывыя грошы. Засталіся дзве. І ў адну з гэтых дзвюх ён занёс гэтую Тору.
Я таксама жыла з імі [калегам і яго сям’ёй], потым мы ўжо пераехалі разам. Потым я замуж выйшла. Хаця спачатку сабе сказала: «Я прыехала [ў Вільню] на два гады кончыць курсы нямецкай і польскай, і вярнуцца ў Гродна, каб недзе ўладкавацца з паперай [аб сканчэнні моўных курсаў]». Бо ў райкоме камсамола тады стваралі камітэт, каб [было] сяброўства моладзі з польскай моладдзю. Там нейкі бацькаў вучань былы казаў: «Галя, варочайся, да нас»…
Тады ніхто ж нідзе не рыхтаваў польскай мовы ў Беларусі. Я думаю: «Кончу, вярнуся. Ага».
Вось Вільня — вялікі горад. Вось як можна пасля Вільні назад у Гародню?
На танцах я пазнаёмілася са сваім першым мужам. Кажу: «Ты падаваў заяву [ў ЗАГС]?» — «Не». — «І я не падавала. Давай паспрабуем». — «Давай». Потым казаў праз гады два ці тры, што я тады хітра на сабе жаніла. Ён старавер. О божа, які гэта цяжкі народ. Я яму расказвала, што ўсё жыццё марыла выйсці замуж за габрэя. Ён кажа: «Ха, дзе ты бачыла дурнога габрэя? Акрамя рускага Івана на табе ніхто больш жаніцца не мог».
Як працавала на заводзе, то з завода ў дэкрэт пайшла. А пасля дэкрэту я на завод ужо не вярнулася: звольнілася і пайшла ў садок. Сына ўстроіла і сама ўстроілася. А потым ён у школу пайшоў, і я папрасілася ў ГОРОНО, каб мяне ў якую школу ўладкавалі.
ГОРОНО (городской отдел народного образования) — гарадскі аддзел народнай адукацыі. У СССР — структура, якая займалася кіраваннем і кантролем сістэмы адукацыі на гарадскім узроўні.
13-я школа была на Добрай радзе, я і там пару гадоў папрацавала.
Вуліца Добрай рады – беларуская назва для Gerosios Vilties g.
А потым я ў нядзельную беларускую школу пры рускай школе пайшла.
За гады два, калі нядзельная школа толькі ў задумцы была, ужо быў беларускі клуб «Сябрына» і было Таварыства беларускай культуры. У адной маёй суседкі муж — беларус. І яна кажа: вось мой ходзіць на нейкія збюркі ў палац прафсаюзаў. Адзін раз ён мяне забраў, мы разам схадзілі.

Галіна Сівалава ў маладосці.
Клуб «Сябрына» — клуб у Вільні, які яднае аматараў беларускай культуры. Заснаваны ў 1987 годзе пры Літоўскім рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) — беларуская арганізацыя, створаная ў Літве ў 1989 годзе.
Але нейкі час я была страшэнна пакрыўджаная на ўсе гэтыя суполкі. У мяне ўвогуле нейкае гэтае пачуццё, што цябе без цябе жанілі. Вось ідэя была — стварыць беларускую школу. Гэты мужчынскі падыход — упіхнулі, як ты там… Справішся — ну значыць так яно і трэба. Не справішся — то затопчам.
Але праз гэтыя суполкі я тады пачына адкрываць для сябе гэтую беларускую Вільню. Потым пра гэтую дзяржаўную мову ВКЛ. Я памятаю, стаяла на Рэфармацкай — на плошчы, дзе цяпер музей сучаснага мастацтва. І думаю: як гэта ўявіць, што ты заходзіш да любога тагачаснага чыноўніка, і ты з ім гаворыш на тагачаснай беларускай мове.
Скарына ж для мяне вымалёўваўся вось з гэтых савецкіх нейкіх абрыўкаў, пакуль я не прачытала «Закат сярэдневечча» Хёйзінгі.
маецца на ўвазе філасофска-культуралагічны трактат галандскага аўтара Ёхана Хёйзінгі «Herfsttij der Middeleeuwen» — «Восень сярэдневечча». У рускім перакладзе выдаваўся як «Закат Сярэдневечча».
Я стала чытаць, што такое сусвет Еўропы перад самым адраджэннем. І што гэта значыла яму зрабіць гэты крок — загаварыць, напісаць [на беларускай мове]. Я думаю, да канца наш народ яшчэ гэтага не зразумеў і не ацаніў гэты подзвіг. Гэта неперадавальнай моцы духа трэба было быць, калі аб’ездзіў усё, бачыў кастры інквізіцыі…
Чаму я думаю, ніхто толкам не ведае яго канфесію, — бо ён маўчаў. Ён проста маўчаў. Разумеў, як я з той беларускай мовай у бальніцы. Трэба, каб я быў каталік — буду каталік. Прыеду ў Полацак — з дзядзькам, дзедам, з усімі — буду праваслаўны. Ці рэфарматар недзе.
Мяне хрысцілі таксама і каталічкі, і праваслаўныя, цішком ад бацькі — дырэктара школы. А замуж як выйшла, то мужава маці кажа: «Трэба табе пахрысціцца на стараверку». Я мужу кажу: «Ведаеш, калі я пахрышчуся на стараверку, то наступны муж у мяне будзе габрэй, бо толькі гэтая канфесія яшчэ засталася не мая».
Пра Віленскую беларускую гімназію імя Францішка Скарыны
Я цяпер сама не разумею, як гэта я такі фінт выкінула.
Вось уяўляеце: працавала звычайнай настаўніцай. За лета цішком брала ў сваіх калег спісы першакласнікаў, дзе нацыянальнасць напісаная. Ішла да бацькоў і ўгаворвала аддаць дзяцей у беларускі клас.
Памятаю, прыйшла да адной. Добра ведала яе — дзіцё яе была ў мяне ў садку ў групе некалі. А яна прасуе. Я кажу: «Аддайце». Яна кажа: «Ніколі». — «Чаму?» — «Таму што беларусаў як тую вош у бялізне: то з заходу на ўсход, то з усходу на захад усё прасавалі. Як толькі галаву высунуў — так цябе і прыпячэ».
У выніку набрала клас. Гэты клас — у садку, бо пры садку быў першы клас ад школы. Я кажу: «Вы мне клас выдзеліце». Загадчыца садка мне выдзеліла [памяшканне]: дзяцей было няшмат. А дырэктар школы не дае адкрываць гэты беларускі клас. Кажа: «Пакуль не атрымае дазвол у ГОРОНО, то нельга».
Слухайце, ну як можна цяпер набраць клас і без дазволу дырэктара школы працаваць? А тады гэта была эпоха, калі выйграў той, хто неяк нетрывіяльна, нестандартна падыходзіў.
Шупа, Дубавец і Харэўскі мне паведамілі: «Галя, прыйдзі ў такі-та дзень на сустрэчу, бо прыехалі амерыканскія эколагі чалавека. Раскажаш пра сітуацыю, у якую трапіла».
Сяргей Шупа (нар. 1961) — беларускі перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч. Сяргей Дубавец (нар. 1959) — беларускі журналіст, літаратар, крытык і выдавец. Сяргей Харэўскі (нар. 1967) — беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца. Экалогія чалавека — гэта навуковая дысцыпліна, якая вывучае ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, улічваючы як прыродныя, так і сацыяльна-культурныя фактары.
Я думаю, што ў выніку яны недзе на вышэйшым узроўні гэта ўладзілі, бо ад мяне адсталі. Бо і ціск быў моцны, і муж мне казаў: ты зразумеў, ты можа зараз выкруцішся, але цяпер цябе ніхто ў Сібір ссылаць не будзе: адкрыюць каналізацыйны люк — і туды. Гэта муж баяўся небяспекі ад рускіх, ад саветаў.
А першую заяву ў першы беларускамоўны клас, напісаў Шупа на сваю дачку. І каб не было гэтай заявы, нічога б не было. Жонка ў Шупы — руская, але з Эстоніі. Дык з гэтай бабуляй дзяўчынка гаварыла праз тату-перакладчыка, бо тая гаварыла па-руску, а малая — па-беларуску.
Першы час аніякай школы не было. У 1992-м годзе я набрала толькі адзін мой клас. Было 12 дзяцей, потым — 6, потым — 8, бо тады шмат хто з’яджалі. Я хадзіла па класе падчас уроку, шчыпала сябе і казала: «Я ў Вільні вучу дзяцей па-беларуску? Не, не сніцца, праўда».
А на другі год набралі Ліля Плыгаўка і Таня Поклад з універсітэта. Яны ўжо займаліся і наборам дзяцей, і наборам настаўнікаў.
Лілея Плыгаўка — беларуская мовазнаўца, педагагіня і грамадская дзяячка, вядомая сваім укладам у развіццё і папулярызацыю беларускай мовы ў Літве. Сузаснавальніца і былая кіраўніца кафедры беларусістыкі ў Віленскім педуніверсітэце. Таццяна Поклад — беларуская журналістка, выкладчыца і грамадская дзяячка, вядомая сваёй актыўнай дзейнасцю ў сферы беларускай культуры і медыя.
Было ўжо пад 200 заявак. Гэта была такая з’ява, бо габрэйская школа штогод набірала па класе. Яны ішлі другім шляхом: раней пачалі, але ціхенька год за годам так рабілі. А мы разумелі, што так мы не выжывем.
Другі год мы вучыліся ў другую-трэцюю змену пры рускай школе. Цяпер у гэтым памяшканіі — габрэйкая гімназія.
Віленская гімназія імя Шолама-Алейхема ORT (Vilniaus Šolomo Aleichemo ORT gimnazija) — адзіная дзяржаўная габрэйская школа ў Літве, заснаваная ў 1989 годзе. Гімназія прапануе пачатковую, асноўную і сярэднюю адукацыю на літоўскай мове, з асаблівай увагай да вывучэння габрэйскай культуры, гісторыі і моў.
Гэта каля самага маста ў цэнтры горада. А нам далі на самым ускрайку праз 2 гады. У нас было шмат класаў. То пабачылі, што не разваліліся, нічога. І тады далі памяшканне.
Але што гэта было за памяшканне. У 47 вокнах не было другіх шыбаў… Восень, пачаліся дажджы, у нас цячэ ўсё, а мы не можам зразумець… Аказваецца, тыя шыбы, якія з вуліцы, загадчыца павыбірала на якія цяпліцы, ці што.
Сталовую не даюць адкрываць, грошай няма. Можаце ўявіць: у доўг купілі бульбы — прадавалі тут у Беларусі ў калгасе. Раздалі па мяшку настаўнікам, уборшчыцам, і на базары прадавалі, каб зарабіць хоць штосьці.
А Вітушка знайшоў фірму ў Беларусі, якія камп’ютары прадавала.
Сяржук Вітушка (1965 — 2012) — беларускі гісторык, педагог, пісьменнік і актывіст адраджэнскага руху. Выкладаў гісторыю ў Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны.
І яны нам далі некалькі тысяч даляраў, то мы туалеты ўсе зрабілі па нормах. Бо гэта раней быў звычайны дзіцячы садочак: перагародкі, раскладушачкі ў сценах. І мы гэта ўсё ламалі і перараблялі па нормах.
Але самае цікавае. Сніцца мне сон зноў.
Сніцца мне сон, што я атрымоўваю кватэру. І я ведаю, дзе ў Вільні гэты дом: мне прапаноўваюць паглядзець прыватны дом. І мне так цяжка: мне адна частка мозгу кажа, што я тут ніколі не была. А другая кажа — я ведаю гэты дом. Гэта на Швідрыгайлас. Я заходжу і сама сабе кажу: «Не-не, той дом, якія памятаю, тут была яшчэ сцяна, былі яшчэ пакоі». На вуліцы стаіць жанчына, прачытала мае думкі і кажа: «Так-так, тут былі пакоі, але пасля вайны расшыралі вуліцу» — яе праўда, Швыдрыгайлас, пашыралі — «Паўдома знеслі, і вокны пераставілі сюды, гэта была ўнутраная сцяна».
Я тады разумею, што праўда ведаю гэты дом і раптам я адкрываю чулан. І ўва сне мяне асініла: я жыла некалі тут, была габрэйкай. Тут я хавалася. І адсюль мяне немец выцягваў. Я сярод ночы прачынаюся, плачу наўзрыд і кажу: «Божанька, дзякуй табе, што ты не нарадзіў мяне цяпер габрэйкай». Гэта быў не чалавечы страх. Толькі з-за таго, што ты такой нацыянальнасці.
Прайшло два тыдні, да мяне прыходзіць равін Крынскі і кажа: «Галын, можа ў вас памяшканне ёсць [пад класы]»?
А ў мяне праўда стаялі — не было чым рамантаваць — некалькі пакояў. Я яму паказваю. Ён скрывіўся. Я павазіла ў другія садкі яго, у школы, дзе мала дзяцей. Але разумею, што яго ніхто не возьме акрамя мяне, бо ўсе будуць баяцца, што ён — цап-царап і забярэ — як габрэй, то кшталту хітры.
Праходзіць час, пачатак лета. Ён прыходзіць, а ў мяне і тратуарчыкі, і навесы садзікаўскія знесеныя, і конік ездзіць — заўхоз Раман нейкага дзеда знайшоў. Той цягае тратуарныя пліткі, якія непатрэбныя. Ён так глянуў: Галын, ідзі да мяне дырэктарам. Я пасмяялася, дала ім памяшканне, і яны ў мяне чатыры з паловай гады былі.
А летам быў прыняты загад, што самі дырэктары не маюць права здаваць у арэнду школьныя памяшканні — толькі праз ГОРОНО. Але я разумела, што мне праз ГОРОНО гэтых габрэяў не дадуць.
Я зрабіла выгляд, што не чытала гэты летні загад. Мне загадчык ГОРОНО — выгавар: вы не мелі права браць, выганяйце іх. А я акурат еду вучыцца ў Аўстрыю, а завуч іх выганяе.
Я Крынскаму кажу: цягніце час, колькі можаце, пакуль я вярнуся. Але яна іх выставіла і закрыла гэты садок-школу. Я вяртаюся, Крынскі кажа: «Галын, што рабіць». Я кажу: «Ідзіце, скардзьцеся. А каму? Чым вышэй, тым лепей». Ён пайшоў Бразаўскасу скардзіцца.
Альгірдас Бразаўскас (Algirdas Brazauskas, 1932–2010) — літоўскі палітык, з 1993 да 1998 — прэзідэнт Літвы.
Званок з прэзідэнтуры: «У вас былі габрэі»? — Былі. —«Што вы з імі зрабілі? Выставілі?» — Выставілі. —«А як вы смелі дзяцей пакінуць без навучальнага працэсу?»
А што я скажу? Буду скардзіцца на свайго начальніка? То я і маўчу. І яны кажуць: «Так што наступствы будуць». Праходзіць тыдзень. Звоняць мне з ГОРОНО. Загадчык ГОРОНО кажа: «Вам выгавар асабіста ад прэзідэнта, падпішыце». І я кажу: «Слухайце, другія хваляцца медалямі, а вы мне хоць копію выгавару дайце. Я — на сценку павешу. Я буду адзіны дырэктар, якая атрымала выгавар ад прэзідэнта». Не даў, канешне.
Праходзіць яшчэ два месяцы, а яны нешта там не заплацілі. Яны ж не мне грошы плацілі — у ГОРОНО. І нешта яны там задаўжалі. Мяне выклікаюць. Трэці выгавар. А тры выгавары за год — значыць, здымаюць з працы.
І не сам загадчык ГОРОНО, а нейкі яго намеснік. Маўляў, ты проста адпрацаваны матэрыял. Суе мне гэтую паперку — у сакратаркі падпішыце. А я ведаю: трэці выгавар, і ты заўтра ўжо не працуеш.
Я на яго глянула, а ўжо няма чаго баяцца, усё адно зволяць. І кажу яму: ведаеце, што? Я не баюся, што мяне зволяць. Але я буду першая, якая пацярпела праз габрэяў у незалежнай Літве. Вы хоць разумееце: я толькі скажу — мне сіяністы ўсёй планеты мне будуць такую пенсію плаціць, што мне працаваць не трэба будзе. Але ж вы таксама працаваць не будзеце: вас зробяць крайнім.
І ён уцяміў. Бярэ гэтую паперку — сабе пад … [рэд. азадак]. І кажа: «Ідзіце».
І былі ў нас габрэі каля пяці гадоў, крыху меней. Дык вось, калі яны з’ехалі, у мяне за год 17 праверак было. І ўсе з мілай усмешкай, але вось душылі. Я ўсё прыходзіла да трэнера па каратэ і казала: «Слухайце, Уладзімір, дайце 100 грам крыві. Вашай габрэйскай крыві, я памяняюся на 100 грам сваёй. Мазгоў не хапае выйсці з сітуацыі». Ён кажа: «Каб я табе заўсёды даваў 100 грам крыві габрэйскай, калі табе патрэбна была смякалка, дык я б ўжо даўно быў беларусам».

Галіна Сівалава падчас дырэктарства ў Віленскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны.
Пра вучняў і вучаніц гімназіі
У нашай гімназіі былі мясцовыя віленчукі. Пераважна. Хаця ў той гімназіі вучыліся ўсе з заходняй Беларусі.
маецца на ўвазе Віленская беларуская гімназія, якая існавала з 1919 да 1944. Гімназія была арганізаваная Іванам Луцкевічам.
Палякі паціху закрывалі беларускія школы: наваградскую, у Глыбокім, другія гімназіі. І засталася толькі наша, віленская. Потым закрывалі і віленскую, рабілі філіяй польскай гімназіі, потым зноў адкрывалі. У мяне яшчэ Анцукевіча — аднаго з дырэктароў — сын прынёс быў некаторыя дакуменцікі. Яны цяпер па-мойму ў сейфе ў дырэктара ляжаць. І сярод папер — ну там былі розныя такія, фінансавыя, яшчэ нешта — быў чарнавік пісьма да дырэктара. У беларускай гімназіі была традыцыя: раз на год пісалі ліст да дырэктара. І гэты чарнавік аднаго вучня там ляжаў. Сярод усяго там жаліўся дырэктару, як палякі не хочуць сябраваць — калі былі філіяй — і што нас зневажаюць палякі, не прымаюць на розныя вечарыны. А ўнізе напісана — але ёсць яшчэ больш гарушчыя, чым мы. Гэта вучні літоўскай гімназіі Вільні. І як мне бывала дапячэ нешта там у ГОРОНО, я заўсёды перачытвала.
Вялікіх аргументаў для бацькоў, каб аддавалі ў беларускую школу, не было. Тады проста быў такі пад’ём: усе вучыліся ў літоўцаў. Гэта неяк было само сабой зразумела. Літоўцы ўспаміналі паэтаў, пісьменнікаў, пераіменоўвалі вуліцы. Тады з будынка КДБ зрабілі гэты музей ахвяраў.
У літоўскую школу тады не аддавалі, калі было заскладана. Разумееце, бацькі самі не ведалі літоўскую, не маглі дапамагчы… Гэта цяпер ужо, дзеці пакуль у садку ці ў двары, то ўжо навучацца, а першыя гады гэта было заскладана.
Яшчэ трымаліся рускіх школ. На крайні выпадак аддавалі ў польскія. І я разумею, чаму тут польскія. Як прыехалі эксперты Рады Еўропы, адзін раз сабралі настаўнікаў, бацькоўскі камітэт і кажуць: «Што з вамі, беларусы, стала. Вось перапіс 1915 года Кайзераўскай Германіі. 45% Вільні — беларусы, 60% з нечым — аколіцы. Куды вы дзеліся? Вас высылалі як чачэнцаў? Вас расстрэльвалі як жыдоў? Куды вы зніклі? Вы былі нават у польскім сейме некалі. Пры ўладзе, партыі былі. Што з вамі сталася?» І разумееце, і праўда. Што з намі сталася? А нічога. Людзі, каб не зрусіфікавалі, то згадзіліся на апалячванне.
Гэтак сама я ў інтэрнэце менш бачу беларускіх, і цэлымі днямі гляджу, чытаю, слухаю розныя падкасты на ўкраінскай мове: абы не па-руску.
Праграму для школы пісала кафедра беларусістыкі — Ліля Плыгаўка. А такія прадметы, як фізіка, хімія пісалі самі мае настаўнікі. Ішлі да экспертаў-настаўнікаў другіх школ. Яшчэ па геаграфіі і па біялогіі раздзелы адмысловыя для Беларусі ўводзілі: чым адрозніваецца, ці дапаўняльна…
Падручнікамі карысталіся літоўскімі. Сваіх не было: хто ж для адной школы выдасць падручнікі? Цяпер усе кажуць, што, моў, ні разу беларуская школа не папрасіла дамагчы ў міністэрства. Паверце, я вменяемы чалавек. І я разумею, што падручнік для 20 дзяцей, ну нават для 50 ніхто не будзе выдаваць. Гэты падручнік будзе каштаваць тады тысячу еўра за адзінку. Ніхто не будзе выдаваць трыста падручнікаў, бо скажуць, навошта, калі дзяцей толькі столькі.
Таму фізіку мы ўвогуле з першых дзён вучылі спачатку па-руску, а потым, як рускамоўны настаўнік сыйшоў, па-літоўску. Фізіка тая ў старэйшых толькі класах. А хімія спачатку была па-беларуску. Вёў настаўнік-беларус з польскай школы. Вельмі знакаміты.* А потым таксама была настаўніца-беларуска, якая на дзвюх мовах выкладала.
*Маецца на ўвазе Яраслаў Станкевіч, сын рэпрэсаванага беларускага кнігара Станіслава Станкевіча.
Частку матэрыяла чыталі па-беларуску, частку — па-літоўску. Неяк выкручваліся. Цяжка, але што рабіць? Падручнікі беларускай мовы і літаратуры былі з Беларусі. Пачатковых класаў — таксама з Беларусі. Матэматыка шмат у чым не падыходзіла, але ўсё адно нечым карысталіся. Прыродазнаўства спрабавалі чуць-чуць падганяць: бралі літоўскі і беларускі падручнікі.
Не трэба думаць, што чалавек, які ніжэйшы па адукацыі ці па свайму стану, па прафесіі — дурнейшы. Я заўсёды кажу: дзеці, вучыцеся. Але калі вы дрэнна вучыцеся, то вось гэтым, якія добра вучацца, значна лягчэй трапіць на тыя месцы. Ім не трэба вас распіхваць лакцямі. Вы самі адыйшлі і курыце.
Памятаю, аўстрыйцы — гэта эксперты Савета Еўропы — казалі: «У вас бацькі — нацыяналісты. Толькі нацыяналісты маглі сваіх дзяцей аддаць, вазіць за 20 км у школу».
Спачатку аўтобус быў. Я гэты аўтобус купіла… Адзін час габрэі плацілі за арэнду 8 маіх дырэктарскіх зарплат у ГОРОНО. А тады былі добрыя зарплаты ў настаўнікаў. І за гэтыя грошы мы за 4,5 гады — наколькі магчыма па тых часах, дзе нічога не дастаць, заводы раскрадзеныя і распраданыя — адрэмантавалі школу. Мы куплялі і настаўніцкія сталы, нейкія прыборы. Мы і газеты падпісвалі: і беларускія, і літоўскія. І кніжкі куплялі, якія толькі маглі. Гэта быў, канешне, добры час.
Як набіралі настаўнікаў? Я нікога не агітавала, нічога… Ліля [Плыгаўка] аб’яву зрабіла недзе на нейкіх сайтах ці ў ГОРОНО, і людзі прыходзілі. Кожны ведаў, куды ён прыходзіць. Бывала, скардзіліся, што цяжка з дзецьмі. Я кажу: «Канешне, хочаце лёгкага — у Гарунай, стой, трасі ганучай, і ўсё». Гэта ваш выбар.
Гарунай — вялікі аптава-рознічны рэчавы рынак на заходняй ускраіне Вільнюса, які існуе з пачатку 1990-х гадоў.
І вось касцяк школы такі да гэтага часу і застаеццца. Цяперашняя дырэкратка — Дзіяна — хутка прыйшла настаўніцай беларускай мовы.
Пра традыцыю «стодзёнкі» ў Віленскай гімназіі
У літоўцаў гэтае свята называецца «стодзёнка». Яго святкуюць дванаццацікласнікі на соты дзень да канца навучальнага года.
У нас стодзёнка была спецыфічная. Пачыналася яна з лінейкі, дзе кожны клас віншаваў дванаццацікласнікаў. Коратка: вершык, песня, пантаміма, і падаруначкі дарылі кожнаму дзіцяці.
Потым дванаццацікласнікі запрашалі на тры ўрокі трох настаўнікаў, каго яны хацелі. Усё гэта здымалася. А мала таго, дванаццацікласнікі, адзяваліся яны ў свае любімыя дзіцячыя вопраткі, хто як хацеў: шорты, фартушкі, банты.
Пасля лінейкі ішлі ў сталовую. У сталовай сядзелі першакласнікі з аднаго боку, а з другога — дванаццацікласнікі. Першакласнікі трымалі варэнне. А ўсім дванаццацікласнікам у талерках была налітая манная каша. І класнаму кіраўніку, і я ела тую кашу. А адзінаццаты клас дапамагаў ім варэнні падкладваць. Гэта каб іх дарослае жыццё было салодкае. Гэта называлася «апошняя дзіцячая манка». Усё, дзяцінства канчаецца пасля таго, як ты з’ядаеш гэтую манку.
Хто ўжо зусім не мог тую манку, то тым рабілі аўсянку. Тады яны ішлі дахаты, пераапраналіся, а вечарам былі тры спектаклі. Адзін — адзінаццатага класа, які парадзіраваў дванаццацікласнікаў, другі — дванаццатага класа, які парадзіраваў настаўнікаў. І трэці — наш, дзе настаўнікі парадзіравалі дванаццацікласнікаў.
Пра навучанне падчас працы
Спачатку як я стала дырэктарам, майму мужу тое вельмі спадабалася, а потым ён стаміўся. Вандроўкі… Я сама як найменей два разы на год напрацягу 15 гадоў за мяжу недзе ездзіла: ці вучыцца, ці ў нейкіх праектах удзельнічаць.
У першыя гады, як працавала школа — ў 1996-1997ы — мы ў Аўстрыі разам з Таняй Поклад вочна-завочна вучыліся. Там — цэнтр школ нацыянальных меншасцяў мала выкарастаных моў Еўропы — ёсць такая арганізацыя.
Як я там вучылася? Нямецкі не вельмі помніла, і яго мала там выкарыстоўвалі. Адкрыта гаварылі, што не могуць рэкламаваць мову народу, які развязаў Дзве сусветныя вайны. Усё па-ангельску… Я сядзела з дыктафонам, Таня Поклад перакладала вечарам мне, чаго я не разумела, пасля ўсякіх курсаў.
А вучылася я шмат, і курсаў столькі розных канчала. Гэта была мая магчымасць выкарашкацца неяк і не завязнуць у адным толькі беларускамоўным атачэнні… Трагедыя цяперашніх беларусаў, што яны мусова сядзяць толькі ў сваём беларускім гэтым катуху: варацца, сварацца.
Я разумела, што гэта тупіковае выйсце. І таму пайшла ў жаночы клуб жанчын-дэмакратак — то адны літоўцы — дзеля таго, каб я магла і практыкавацца ў мове, і з людзьмі, і з Літвой нармальна пазнаёміцца.
Ад клуба, калі я ездзіла з Таняй, я адпрацоўвала з гэтымі былымі прастытуткамі, з гэтымі вулічнымі дзецьмі.
Рэдакцыя звычайна замест слова «прастытутка» выкарыстоўвае тэрмін «сэкс-працоўніца» або «жанчыная, занятая ў прастытуцыі». Рэкамендуем азнаёміцца наступным матэрыялам, каб больш даведацца пра фемінісцкі дыскурс вакол дакладнага вызначэння тэрміна і таго, што за гэтым стаіць: https://medium.com/@disquiet_fem/prostituted-women-or-sex-worker-211f93452504.
Літоўскі сацыял-дэмакратычны саюз жанчын — грамадска-палітычная арганізацыя жанчын Літвы, якая мае клубную структуру. Арганізацыя абараняе правы жанчын і стварае ў некаторых гарадах жаночыя або жаночыя і дзіцячыя цэнтры і прытулкі.
Шэсць з паловай гадоў я трох дзяцей на выходныя брала са спецінтэрната. Быў адзін хлопец… Спектаклі ім падабаліся. Спектаклі па казках. І гэты хлопец быў самы складаны. Мы яму заўсёды давалі ролю ваўка. Дзяўчынка была чырвоная шапачка, хтосьці там — бабуляй. А адзін раз ён кажа: «Не хачу быць ваўком, чаму я ўвесь час ваўком». Я кажу: «Ну не хочаш, то будзь чырвонай шапачкай». Ён падумаў: «Не, тады не хачу». Я кажу: «Тады бабуляй, будзе воўк цябе есці». Ён пахадзіў, доўга думаў. Кажа: «Зноў буду ваўком».
Адзін раз я прыязджаю ў інтэрнат, а мне выхавацельніцы кажуць: «Мы хочам вам падзякаваць». За што? Аказваецца, у гэтага хлопца было падазрэнне на апендыцыт, прыязджала хуткая. А потым не пацвердзілася, яны яго з бальніцы выпусцілі. А ён ж нават літар не ведаў.
Выхавацельніцы звоняць у бальніцу, запытваюцца, дзе Антон. Ім кажуць: «А ён у інтэрнат паехаў». Як паехаў?! Ён ж ніводнага тралейбуса не ведае! Праз паўгадзіны прыязджае. Пытаюцца яго: «А як ты прыехаў?» — «А цёця Галя мне ўсе тралейбусы парасказвала, якія нумары, дзе едзе. Мы гулялі з ёй».
А ў турме былі праекты. Вышэйшая адукацыя для тых, хто сядзіць пажыццёва. Мы адбіралі 10 чалавек, хто будзе вучыцца. З аднаго боку сядзіць выкладчык, а з іншага — студэнт-зняволены. Вось, праз шыбу. У выніку, восем з дзесяці скончылі.
Пра дапамогу Украіне
Я з 2016-га года туды ў санаторый ездзіла на Радон, і вельмі шмат тады было хлопцаў раненых… Я так плакала. Прыехала ў адзін санаторый, а там адныя хлопцы са спіцамі.
Божа, прыйду, на сняданак — плачу. Прыйду на працэдуры — зноў плачу. Шмат з кім пазнаёмілася. З адным хлопцам праз сяброў пазнаймілася. Ён ваяваў. Я яму напісала: зрабіла варэнне — рабіна з яблыкамі, сын есці не хоча. Ён кажа: дасылайце нам у акопы.
Я перад калядамі сабрала вялікую пасылку ўсяго, і ў пластык гэта ўсё закапавала. Прайшлі гады, у 2022м годзе ён — малады мужчына — ужо інвалід. Аднаго разу звоніць мне: «Можна з вамі сустрэцца? Першы раз хачу ўжывую пабачыць». Прыязджае да мяне і кажа: «Да смерці не забуду, як пасылка прыйшла, а там і праўда палова — вашае варэнне. І я бегаю па акопах і крычу: хлопцы, каму варэнне з Літвы? Яблыкі з рабінай!»
Я ўсе гэтыя гады дасылаю, дапамагаю, каму магу. І колькі магу. У асноўным 40-50 еўра кожны месяц. А некалі, як яшчэ была першая вайна, я дапамагала… Тады чачэнцы травілі калодцы, я пасылала адсюль фільтры для вады. Вось з любога балота можна вады набраць і ачысціць. Я ніколі не думала, што вось такі фільтр паўтары-дзве тоны вады можа перачысціць.
А потым адзін папрасіў для мужчыны, у якога вельмі вялікі памер. Прыходжу ў краму для паляўнічых, расказваю, што якога памеру. Мне ўсё гэта заладоўваюць у рукзак 120 літраў. А яны мне звоняць: некалькі кінжалаў трэба ваенных. Іх цяпер так проста нельга было, а тады… Я на Гарунай пайшла, нямецкіх некалькі набыла, склала ўсё гэта. Уклала ў базарную сумку ў клетку, так і перадала. Ніхто там не глядзеў: ні польскія памежнікі, ні ўкраінскія… Тады хоць бомбу, хоць кулямёт вязі.
Пра вядзьмарства і духоўныя практыкі
Калісьці я трапіла на Валаам.
Валаам — востраў у паўночнай частцы Ладажскага возера ў Рэспубліцы Карэлія у паўночнай частцы Ладажскага возера, дзе знаходзіцца Валаамскі мужчынскі кляштар.
Вось там я ўпершыню пабачыла — я ж цікавілася такім на грані паранармальнасці — грыб, які, калі дрэнная для яго прыродная сітуацыя, то яго грыбніца разбягаецца на нейкія чуць не малекулы. Тады раптам нешта здараецца, — нехта там свісне, — і ўсе яны [малекулы] збіраюцца назад, і так вырастаюць грыбы. Прыходжу да экалогаў, яны паказваюць: во, кажа, гэта той знакаміты рэдчайшы грыб. Ён і ў нас водзіцца. Грыбчыкі такія невялікія, на галіначцы растуць. Таму вельмі люблю грыбы.
Я грыбы — з першых смарчкоў, старчкоў і да апошніх вешанкаў ці апенькаў. Гэта ўсё маё. Мне ўсе навакольныя мужыкі нясуць грыбы, каб на піва дала.
І незвычайныя, канешне, гэтыя грыбы. Я адкрыла для сябе адныя. Маленькія такія, крэпенькія як сыраежачкі, але шэранькія. Хоць першы раз пабачыла, але ведала, што магу іх есці. Я іх адварыла… Дзіўны пах. Не скажу смачны, ці дрэнны. Проста незвычны. Я іх паела, усё нармальна, пайшла спаць.
Раптам сярод ночы я прачынаюся ад таго, што ў мяне незвычайнае яднанне з сусветам. Вы не ўяўляеце. Абсалютнае шчасце, ад таго, што я разумею гэты сусвет. Ого, Галя, — нехта там мне кажа. Тут неспраста нехта дапамагае табе дастукацца да сусвета. І я паляжала з гэтым пачуццём сусветнага шчасця і заснула. А раніцай думаю: о, грыбчыкі, дзякуй вам, дзякуй.
Але гэтых грыбоў ужо два гады на тым месцы не было: вельмі засушлівыя гады…
Я ў свой час працавала ў Англіі з дзецьмі, бацькі каторых — наркаманы. Я жыла ў гэтых сем’ях, каб рыхтаваць дзяцей да школы.
Рэдакцыя прыводзіць цытату гераіні без зменаў, але самі звычайна ўжываюць тэрміны «людзі з досведам спажывання псіхаактыўных рэчываў» або «людзі з наркатычнай залежнасцю».
Гэта ўжо як выйшла на пенсію. Перад тым, як ты прыходзіш у праект, ты ж павінен ведаць, як успрымаюць свет гэтыя людзі. Я не хадзіла да тых, хто колецца: за старая. А да астатніх… То я ўсё паспрабавала.
Гэта была абавязковая ўмова — усё паспрабаваць. А вы што думаеце, ад аднаго раза хтосьці стане наркаманам? Ад канаплі? Да пробуй хоць 10 раз! Гэта ж трэцяя частка толькі — там каноплі, а ўсё астатняе — звычайны нікацін. Бо канапля сама па сабе не дыміць і не курыцца.
Я затое паверыла, што яна лячэбная можа быць. У мяне балеў пазваночнік. Некалі мне аўстрыйцы — эксперты Савета Еўропы — расказвалі, што ў нас два мозгі: галаўны і спінны. Спінны мозг працуе як сабака: ён наш ахоўнік. Калі ён бачыць ці чакае стрэс, ён на строме. Таму вам баліць спіна. Спінны мозг кажа: «Ты тут не расслабляйся». Мне нічога не дапамагала: і на падлозе спала, і мне націралі… Пакуль адзін раз не пакурыла. Як пакурыла? Па тры-чатыры зацяжкі. Потым праз некалькі дзён яшчэ раз — і адпусціла. Гэта псіхасаматычнае, як гэта называюць.
А гэта ў мяне быў перыяд жыцця, калі я ў манастыры была пад Смаргонню.
Гэта Cвята-Уведзенскі жаночы манастыр. Ён пабудаваны на месцы загібелі жаночага дваранскага батальёну ад газа ў першую сусветную вайну. І там гэтыя жанчыны ў большасці пахаваныя былі. Ужо аніякіх слядоў не было.

Галіна Сівала ў Cвята-Уведзенскім жаночым манастыры
І да ўгодкаў — перад 14-м годам — пабудавалі там манастыр. Я калі прыязджала, было 5 манахінь толькі. Я жыла па-за тэрыторыяй у гасцявым доміку. Але мне гэта трэба — адзіноцтва.
Вось чаму я цяпер купіла дом за горадам, дзе толькі я і каты. Я магу тыдзень людзей не бачыць. Ну, бачыць, як па вуліцы праходзяць, але не размаўляць. Гэтыя каты — вельмі цікавыя асобы. Я праз іх зразумела, што ёсць веды, якім не вучаць настаўнікі. Напрыклад, як я стала бліжэй камунікаваць з катамі, я навучылася лавіць нахаду. У мяне нешта падала — у мяне вечна ўсё падала, усё білася. Цяпер я ўмею імгненна нейкім бокам бачу. Я лічу, што гэта мяне неяк каты… Наглядзеліся, як я ўсё б’ю і сказалі: «Слухайце, давайце мы ёй патлумачым».
Я заўсёды дрэнна сплю перад тым, як ехаць у горад… Калі жывеш асобна ад людзей, ты пачынаеш ад’яжджаць ад рэальнага свету. Мінус гэтага, што ты пачынаеш ў нейкім іншым вымарэнні глядзець, пачынаеш чытаць людзей. Не тое, што ў гэтае імгненне думаюць, але вобраз думак. І так стамляешся: не хачу я гэтага ведаць, што там нехта зайздросны, ці што думае пра мяне. На што мне гэта патрэбна? Чалавек застанецца чалавекам, а ў мяне гэты асадак. І таму сярод людзей быць вельмі складана.
Некалі я вельмі шмат практыкавала [духоўныя і магічныя практыкі], што вы. Цяпер я неяк адпусціла, бо я нікога гэтаму вучыць не буду, і не трэба.
І прывароты, напрыклад, — гэта смешна. Можна без усялякіх загавораў і прываротаў… Але загаворы дапамагаюць класічна.
Я вельмі веру ў загаворы. У літоўцаў ёсць такая таўсцезная кніга загавораў. Яна пераведзеная: там па-ангельску і па-літоўску. Там есць і беларускія загаворы — беларусаў Літвы. І чым асабліва, там загаворы ад тых хвароб, якіх цяпер ужо няма. Там калтуны. Ад укусаў змей можа 40 працэнтаў загавораў.
Самае дзіўнае, што ніхто цябе не прымушае ў гэта верыць у адрозненні ад веры ў Бога. А ў гэтую дахрэсціянскую — у яе верыць не трэба. Трэба проста выконваць, яно проста працуе. Я заўсёды, калі гэта гавару, мне кажуць, што не можа быць. Я кажу: «Я табе дам аспірын. Ты можаш сто раз казаць, што ты яму не верыш. Табе проста трэба яго выпіць. На ваду, у рот укладзі. І выпей. І ў 90 выпадкаў са ста, яно спрацуе. Тэмпература ў цябе ўпадзе».
Гэтак сама замовы, загаворы, ну, абрады. Яны дзейнічаюць. Я не скажу, што ўсё дзейнічае 100 працэнтаў. Бо каб дзейнічала, то чалавецвтва б ужо знікла: людзі б ужо пазабівалі адно аднаго гэтым словам. У пачатку было слова — у Бібліі.
Аднойчы я ездзіла на віпасану, на маўчанне.
Віпасана – від медытацыі.
Ніколі не думала, што маўчанне настолькі энэргетычна змяняе ўсё. Побач цябе муха праляцела, а ты ведаеш, на якім кусце флоксаў сядзела. Флоксы, каторыя толькі пачынаюць цвясці, бо флоксы, якія ўжо адцвітаюць, пахнуць па-іншаму. За паўкіламетра ад мяне бусел у гняздзе прачынаўся, і я а пятай раніцы чула, як яго крыло разразае паветла. Першыя дні — бо мы ўставалі вельмі рана — здавалася, што… ну як гэта я магу. А потым зразумела: я чую. Потым ён пачынае клякатаць. Усё, прачнуўся.
Усё змяняецца, сны, пахі, бачанне людзей, успрыманне людзей. Вось я глянула на чалавека — гэта сыйдзе. Ведаю, гэтая жанчына ўжо ўвечары не з’явіцца на медытацыі, бо гэта цяжка ёй.
Пачалося ў мяне гэта ў дзевяностыя гады. Быў такі мастак, ён кажа: мяне знаёмая ходзіць па вуглях ходзіць, пайшлі разам. Там агромныя кастры, там сотні людзей, і я доўга хадзіла туды. Першы раз гэта было ўвогуле…«Крыша» ехала ў поўным сэнсе. У суботу пахадзіла, у нядзелю прачнулася і разумею, што гэты выраз «выйшла з сябе» – літаральны. Як быццам запалкі з каробкі — мяне так выцягнулі на паўметры. Я стала ўсё бачыць. Мы напапярэдні шукалі цацку дзіцяці. Цацка згубілася. А я бачу, што гэтая цацка на шафе.
Мой рост — 156, а шафа — два метры вышынёй. Як я магу бачыць? Адна частка мозга кажа: «Нічога ты не можаш бачыць». А другая кажа: «Але ж я бачу».
Потым нас вучылі гэтым практыкам, як выходзіць, як саму сябе бачыць. А цяпер я проста паўтараць не хачу: я ўжо гэта прайшла. У 10м класе за буквар не сядаюць.
Інтэрвю запісала Дар’я Гардзейчык. Яно зьяўляецца часткай праекту “(Не)бачныя: гісторыі беларускіх актывістак перыяда аднаўлення незалежнасці”, здзейсьненага пры падтрымцы BYSOL.