Актывізм і выгараньне: жаночая вэрсыя
У актывісцкай працы шмат няўпэўненасьці. Ці прыйдуць людзі на імпрэзу, ці зацікавяцца тым, што ты ствараеш? Ці атрымаецца дасягнуць той зьмены, якую ты хочаш стварыць? Але адна рэч вельмі пэўная. Нават можна сказаць што гарантаваная.
Гэта выгараньне.
Давайце зьвернемся да дэфініцыі выгараньня паводле Сустветнай арганізацыі здароўя: гэта не мэдычнае захворваньне, але стан, які ствараецца ад хранічнага працоўнага стрэсу, з якім не атрымаецца пасьпяхова справіцца. Ёсьць тры характэрныя сымптомы:
- пачуцьцё стомы і недахопу энэргіі;
- павялічаная дыстанцыя ў адносінах да сваёй працы, ці негатыўныя, цынічныя пачуцьці ў адносінах да яе;
- зьменшаная працоўная эфэктыўнасьць.
Знаёма?
Беларускі актывізм жа прапануе шырокі асартымэнт магчымых хранічных стрэсараў на любы густ: глябальныя і лякальныя навіны, сытуацыя ў краіне, якая патрабуе цэлага акеану вялікіх і малых зьменаў, складанасьці міграцыі, грашовыя складанасьці, траўма, несяброўскія альгарытмы сацсетак, з-за якіх цяжка данесьці сваю справу да тых, каму яна магла бы быць цікавая, а калі вы жанчына - дадайце яшчэ мізагінію і атрутныя патрыярхальныя ўстаноўкі.
І мы дакладна ня маем адказу на пытаньне, як з гэтым усім спраўляцца. За гады нашай працы не сфармавалася ніякага канкрэтнага рэцэпту з гарантаванай эфэктыўнасьцю.
Але што сфармулявалася, дык гэта іншыя адносіны зь адным са стрэсараў - пачуцьцём сораму.
Сорам перасьледуе актывіста пастаянна - што мы робім не дастаткова, што мы адпачываем зашмат, што дазволілі патраціць грошы на сябе, а не на байсолаўскі збор, што ў мінулым не патрацілі больш часу на вывучэньне нейкага навыку які цяпер прыдаўся бы, што зрабілі няправільнае рашэньне, што замест працы скролілі сацсеткі… (Зноўку, знаёма?)
Дык вось, калі б мы напісалі пра сорам і актывізм маніфэст, то ён выглядаў бы прыблізна так:
-
Мы ня будзем сораміцца сораму. Па-першае, сорам агулам нармальнае пачуцьцё, ніколі не адчуваць ні сораму, ні віны - сацыяпатычна. Схаваны сорам жа жарэ цябе з нутры дадатковым наборам вострых зубішчаў. Мы будзем яго абмяркоўваць.
-
Мы ня будзем саромецца адпачываць ніколі. Ці дакладней, мы будзем імкнуцца лавіць сябе на думцы аб сораму наконт адпачываньня і перанакіроўваць сябе ў думку аб тым, што адпачынак - гэта лекі ад выгараньня.
-
І паколькі выгараньне больш-менш гарантаваная частка актывізму, мы будзем адпачываць насуперак усяму ў прэвэнтыўных мэтах. Актывізм гэта пра дапамогу, і часам найбольш трэба дапамагчы сабе.
-
Калі сорам становіцца навязьлівым, мы ня будзем пытаць, ці ён праўдзівы і ці мы заслугоўваем быць у гэтым палоне. Мы будзем пытацца ці гэтыя думкі хоць камусь дапамагаюць. Калі сорам проста давіць на вас і высмоктвае ўсе жыцьцёвыя сілы, гэта не дапамагае роўна нікому.
-
У сораме столькі ж гераізму і высокамаральнасьці, колькі ў шпацыры з каменьчыкам у боце. Спыніцеся і вытрасіце. Потым ідзіце далей.
-
Кожны чалавек заслугоўвае падтрымкі і дапамогі. Мы таксама кожны чалавек. Мы будзем зьвяртацца па дапамогу для сябе бо гэта самы лягічны крок у кірунку дапамогі іншым.
Вось.
А як выглядаў бы ваш маніфэст?
Тэкст публікуецца з падтрымкі Канадзкага фонду мясцовых ініцыятыў.