Навагоднія елкі ў Віленскім беларускім дзіцячым прытулку ў 1921 годзе
Навагоднія елкі у прытулку
Крыніца: успаміны Янкі Багдановіча “Беларускі прытулак у Вільні”. Мова ды артаграфія захаваная паводле рукапісу.
Калі вам цікавыя разнастайныя традыцыі сьвяткаваньня Калядаў паміж віленскіх беларусаў, прыходзьце ў наш музэй - там цяпер адбываецца гэтаму прысьвечаная выстава “Засталося чаканьне Калядаў”!
Кожны год у часы Калядных свят ладзілі для дзяцей прытулка елку. Арганізаваць такую елку было нялёгка, бо не было сродкаў. Адкуль жа гэтыя сродкі даставалі? А проста – хадзілі па крамах і прасілі што-небудзь ахвяраваць на елку для дзяцей беларускага прытулка. Усяляк бывала – дзе давалі, дзе адмаўлялі, а дзе прыходзілася выслухаць шмат прыкрых і брыдкіх слоў.
Асабліва мне запомнілася елка у 1921 г. перад Н.Г. Нас, малых, павялі у Беларускі клуб, які у той час быў на Біскупяй вуліцы. Цяпер гэта вуліца называецца . . . (sic) і месціцца там Міністэрства Пошты і Тэлеграфа.
Там была вялікая заля на чацьвертым паверсе. Мы прыйшлі першыя і занялі першыя рады. З правага боку вокны выходзілі на Катэдральны плац. У хуткім часе прыйшло шмат дзяцей з беларускіх школ, якіх у Вільні у той час было восем і настаўнікі гэтых школ. Першы раз дзеці усіх беларускіх школ спаткаліся усе разам. Усюды чулася толькі беларуская мова. Зала была вялікая, але месты усе былі заняты. Дзеці захоўваліся спакойна. Памятаю, ставілі сцэнічны абразок „Русалкі”. Сцэна была вельмі прыгожа удэкорована. Лес, вада, неба – усё гэта здавалася такім натуральным, прыгожым і мы проста не маглі нацешыцца усім тым, на што глядзелі. Русалкі у нябесных сукенках з даўгімі валасамі танцавалі пад вадою, а не на сцэне. Сколькі ж было нам, дзецям, радасці!
Елка стаяла пасярэдзіні залы. Скончылася прадстаўленне і пачаліся кругом елкі караводы, забавы, ігры. Спевалі і танцавалі. Усім кіравалі настаўнікі беларускіх школ. На заканчэнне прыняслі падаркі. Усіх дзяцей паставілі у некалькі радоў. Кожны з нас атрымаў па падарку. А падаркі былі у такіх прыгожых разнакаляровых ворачках. І цяпер яшчэ стаяць у вачох. У гэтых мяшэчках былі цукеркі, пернікі, яблыкі. Якое ж гэта было для нас свята! Столькі уцехі. Незабыўны дзень!
Скончыўся наш прыгожы святочны вечар і нас павялі у прытулак. Трэба ведаць, што не усе дзеці з прытулка былі на елцы, а не былі то і падарка не атрымалі. Нам трэба было падзяліцца сваім падаркам з тымі, хто не быў. Шкада, вельмі шкада было, але сумленне падказвала, што трэба падзяліцца і дзяліліся.
У наступным годзе навагоднюю елку ладзілі у прытулку. Гэта елка не была ужо такая прыгожая як у Бел. Клубе і ладзілася яна толькі для дзяцей прытулку у адным з класных пакояў. Грошы на елку мы дабывалі вулічным зборам у скарбонкі. Хадзіў і я са скарбонкай, памятаю, на Кальварыйскай вуліцы. Давалі, як хто і больш і менш. А адзін гр-н укінуў у скарбонку і шматграшовую паперку. Звярталіся мы і да кіраўнікоў бел. школ за дапамогай. Хаця і бедна жылі настаўнікі нашых школ у той час, але памагалі(?) нам. Так сама на елцы былі падаркі у прыгожых каляровых мяшэчках для усіх дзяцей.