Гэта таксама актывізм: 20 ідэяў для тых, хто хоча мяняць сусьвет
Аб чым вы думаеце, калі чуеце “актывізм”? Мітынг? Праваабарончая праца? Мы прапануем акрэсьліць актывізм як дзейнасьць, якая стварае пазытыўныя зьмены. І заўважма, што ў гэтай дэфініцыі няма слова “вялікі” ці ніякіх яго сынонімаў. Мы лічым, што актывізм - гэта таксама і…
- Маленькая група супольнага чытаньня беларускай літаратуры
- Пераклад тэксту, каб ён быў бы даступны большай колькасьці людзей
- Збор людзей на гарбатку і размову, бо эпідэмія самоты сама сябе не вылечыць
- Рэкамэндаваньне кнігаў беларускіх жанчын літаратарак сябрам
- Арганізацыя маленечкіх імпрэзаў, нават на пару чалавек
- Дапамога з запаўненьнем формаў ці разуменьнем якіх-кольвек сыстэмаў
- Распаўсюд карыснай інфармацыі ў групавым чаціку
- Валянтэрства напрацягу нават адной гадзіны
- Размаўляньне па-беларуску
- Публічная падтрымка беларускіх творцаў (напрыклад, у сацсетках)
- Навучаньне таму, што вы ўмееце рабіць (простым рэчам таксама)
- Ютуб-вечарынка беларускай музыкі
- Рэгулярныя візыты ў бібліятэку па беларускую кніжку
- Падтрымка сяброў і знаёмых у размовах
- Удзел у імпрэзах іншых актывістаў - яны будуць рэальна вельмі ўдзячныя, ведаем па сабе!
- Выбар беларускай адукацыі для сваіх дзяцей (чаму б і не нашай беларускай школкі - там ёсьць штотыднёвыя бясплатныя заняткі для дзетак ад 4 гадоў)
- Подпіс на пэтыцыі ці ліст палітыкам аб тым, што вас хвалюе
- Пісаньне мэмуараў
- Зьбераганьне свайго архіву
- Безсаромны адпачынак (ня згодныя? Пачытайце “Rest is resistance”, якую напісала Tricia Hersey - нас яна пераканала ў гэтым канчаткова)
А што бы вы дадалі да гэтага сьпісу?