Чаму нам патрэбна больш жанчын-актывістак
Для пачатку… нам патрэбна больш актывістаў у незалежнасьці ад гендэру. Але на гэты раз канкрэтна пра жанчын, бо менавіта для іх мы ладзім 6-месячны курс па мэнтарству.
Але так, мы хацелі бы бачыць больш жаночых праектаў і жанчын у лідарскіх пазыцыях беларускіх ініцыятываў. Вось чаму.
-
Жанчыны хранічна адпіхваюцца на пэрыфэрыі беларускай увагі, хіба што калі можна з іх якасна пакпіць. Тут падлучаюцца ўсе стэрэатыпы - ад катлетаў да гістэрычнасьці, і ня важна, ці рэлевантныя яны, ці зусім не: сам гендэр чалавека адразу дыктуе людзям, якім карціць кагосьці прынізіць, цэлае мэню абразаў. Для мужчын такога мэню проста не існуе. Для жанчын - удостач. Нават з улікам таго, што мужчыны бываюць ня менш драматычнымі і дакладна ня менш пляткараць.
-
Жанчыны больш сутыкаюцца з рознымі формамі сэксуалізаванага гвалту. Мужчыны таксама з ім сутыкаюцца, але для жанчын у беларускім грамадзтве, як паказваюць навіны гэтага лета і камэнтары пад пастамі тых, хто ў такім гвалце прызнаецца, сэксуалізаваны гвалт да жанчын ёсьць справа зразумелая, натуральная, і нармальная. Хоць насамрэч мы як супольнасьць гэты гвалт нармалізавалі. Нічога натуральнага і нармальнага ў ім няма.
-
Жанчыны часта сутыкаюцца з большай колькасьцю абавязкаў. Калі ёсьць дзеці - то большая доля клопату падае на жанчын, нават тыя часткі, якія дакладна можна было б падзяліць. Але і без дзяцей гэтага клопату хапае - ад жанчын больш разьлічваюць атрымаць клопат і партнэры, і сям’я, і офіс (часта бачылі, каб хлопцы арганізоўвалі офісныя дні народзін? Мы таксама не). Клопат ёсьць часткай чалавечага сацыяльнага жыцьця, у незалежнасьці ад гендэру. Толькі чамусьці часта мужчыны неяк забываюцца пра гэта. У жанчын такога варыянту чамусьці проста не ўзьнікае.
Гэты сьпіс можна працягваць. І варта. Але з улікам адных гэтых фактараў - насколькі цяжэй жанчыне знайсьці час, энэргію і падтрымку для ажыцьцяўленьня сваіх ідэяў? І з назіраньняў, і з ужо атрыманых на праграму заявак мы ведаем, што жанчыны кіпяць ідэямі паляпшэньня сусьвету. Рэальна якаснага паляпшэньня. Але ўцелавіць гэтыя ідэі ў рэчаіснасьці для шматлікіх з улікам вышэйзгаданых фактараў часам проста немагчыма. У рэзультаце мы атрымоўваем сусьвет і супольнасьць, якія маглі бы расьцьвіць мноствам малых і вялікіх ідэяў, якія зрабілі бы нашы жыцьці больш бясьпечнымі, простымі, цікавымі. Але гэтага не адбылося. Бо вечныя клопаты, атрутная крытыка, гвалт, ці ўсё разам.
Адным праектам мы гэтага ня вырашым. Але ад таго ня менш хочацца паспрабаваць.
Наш курс падтрымкі беларускіх актывістак, а таксама і гэты тэкст, зьявіўся дзякуючы падтрымцы Канадзкага фонду мясцовых ініцыятыў.