(Не)бачныя: Людвіка Кардзіс
Людвіка Кардзіс
Нарадзілася ў 1964 ў Астраўцы. Культурніцкая актывістка. Дырэктарка Віленскага беларускага музея ім. Івана Луцкевіча.
Дзейнасць спадарыні Людвікі Кардзіс — тыповы прыклад таго, як беларускім грамадскім дзеячам і дзяячкам даводзіцца рабіць тое, што яны лічаць слушным, і не чакаць спрыяльных умоў гадамі. Адроджаны Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча пачынаўся са збору рэчаў і дакументаў, якія беларусы і беларускі Вільні старэйшага ўзросту перадавалі спадарыні Людвіцы, каб яна захавала іх успаміны.
Калі адыходзіла пакаленне, якое было актыўным у міжваеннай беларускай Вільні, менавіта Людвіка Кардзіс занялася зборам прадметаў, што нагадвалі пра складаны лёс гэтых людзей, пра эпоху, у якой ім давялося жыць. Акрамя таго, каштоўныя экзэмпляры траплялі да спадарыні Людвікі і выпадкова: напрыклад, калі падчас рамонту старых кватэр знаходзілі беларускія кнігі або калі сваякі ўжо памерлых беларускіх дзеячоў і дзяячак раптам узгадвалі пра нейкія прадметы даўніны.
Доўгія гады спадарыня Людвіка разам з паплечнікамі і паплечніцамі ладзіла часовыя выставы, дапамагала гісторыкам у даследаваннях, наладжвала кантакты з беларускімі музеямі. Толькі праз два дзесяцігоддзі гэтай бурлівай дзейнасці музей атрымаў памяшканне ад Віленскай мэрыі, для экспанатаў з’явілася сталае месца, а валанцёры і валанцёркі музея пачалі займацца каталагізацыяй.
Праз два дзесяцігоддзі працы, якая не толькі не аплачвалася, але часта вымагала ўкладання ўласных сродкаў, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча стаў вядомай установай — кропкай прыцягнення для віленскіх беларусаў і беларусак, якую сёння наведваюць беларусы і беларускі з усяго свету.
Мультыкультурная Астравеччына
Уся мая сям’я з Астравеччыны. У маёй сям’і выключна ўсе гаварылі па-беларуску, але не было ніякага нацыянальнага акцэнту на тым, што мы беларусы. Была такая дваістасць: мы каталікі хадзілі ў касцёл, а касцёлы тады былі польскамоўныя. Маці нас вучыла польскай мове ў дзяцінстве, каб у касцёле, разумелі, пра што гаворка ідзе Паралельна з дзяцiнства я чула лiтоўскую мову. Бо гэта мова маёй бабулi Адэлi, – бацькавай маці – паходзiла з сямьi Рэмiс з Гервятаў, і яна па пашпарце літоўка. Са сваімі сёстрамі і братамі яна гаварыла выключна па-літоўску з беларусізмамі. Але з маім дзедам – па-беларуску Літоўская мова была нам таксама не чужая. У нас на Астравеччыне Беларускае тэлебачанне з’явілася, я баюся памыліцца, можа, у якім 2000-м годзе. А да гэтага ў нас было выключна літоўскае тэлебачанне. Я ведаю аднаго гісторыка, які вывучаў літоўскую мову праз гэтыя мульцікі, што ішлі па тэлевізары. Мы, ясна, разумелі толькі асобныя нейкія словы. Здаецца, нават бацька мой ужо не гаварыў па-літоўску, хоць у маім дзяцінстве ў Гервятах выключна літоўская мова чулася, а цяпер там літоўская мова ў меншасці. За колькі гадоў змянілася сітуацыя.

Людвіка Кардзіс. Першы здымак з дзяцінства.
А школа ў нас была руская, як бы ні дзіўна. Хоць і ўся нашая вуліца, і ўвесь Астравец увогуле тады былі беларускамоўныя.
У школе мы беларускую мову любілі, пакуль пасля 5-га класа не з’ехала наша настаўніца. Тады беларускую пачала выкладаць такі «шырокапрофільны спецыяліст», якая вяла і рускую, і беларускую. Дык вось яе не любілі, у адрозненне ад русіцы, якая была вельмі цікавая і задавала такія тэмы для сачыненняў, што хацелася пісаць.
Любоў да беларускай літаратуры мне прывіла не школа, а старэйшая сястра. Яна выпісвала «Нёман» (літаратурна-мастацкі часопіс, выдаецца на рускай мове – рэд.). Яна агулам была наш такі негалосны “прышчыпляльнік” густаў.
Не адбылося, напрыклад, такой любові да рускай «папсы» з дзяцінства, таму што слухалі ўвесь час замежныя хіты па польскім радыё. Сястра купляла тады «Кругoзоры» (літаратурна-музычны часопіс з аўдыёпрыкладаннямі – гнуткімі грамкружэлкамі – рэд.), і сярод усякай ерунды на гэтай кружэлцы абавязкова была нейкая замежная музыка. І ў той жа час сястра «увяла» нам пачытаць Караткевіча, напрыклад.
І ў нашай хаце выхаванне было такое… антысавецкае. Нам жа ў школе казалі, што «нашы выйгралі», «нашы касманаўты паляцелі», але я аднойчы кажу маме пра нешта такое «нашы», а яна: “Якія «нашы»? Гэта зусім не «нашы»”.
Была ў мяне ў класе дзячыўнка Валя, яна была ў пачатковых класах адзiная прыезджая з Магiлёўшчыны, усе астатнія з Астравеччыны. Нас прынялі ў акцябраты, і яна сказала: “Сегодня мама купит торт”. І я прыйшла дадому, думаю, а можа, і мне і падкасіць пад свята, і да сярэдняй сястры былі прыйшлі сяброўкі, а я заходжу і кажу: “У мяне сёння свята”. Яны: “Якое?”. “Прынялі ў акцябраты”. Яны ўсе сталі з мяне смяяцца. Свята на гэтым скончылася.
Старэйшая сястра ад “сoветских традиций” пацярпела больш. Ейны клас прымалi у камсамол i іх прымусiлi цалаваць чырвоны сцяг. Суседка наша гэта пабачыла, распавяла нашай маме. Сястру адлупцавалi ў хаце, пасля “свята”.
Агулам, child abuse [пакаральныя практыкі для дзяцей – рэд.] квітнеў у тыя часы. Настаўнiкi беспакарана лупцавалi хлапцоў у школе. Яны, канешне, заслугоўвалi пакарання за пэўныя свае ўчынкi. Але, натуральна не такога.
Але ж, як ні дзіўна, мая беларуская свядомасць узнікла толькі, калі я прыехала ў Вільню на сталае жыхарства, і ўжо тут вучылася на падрыхтоўчым аддзяленні да паступлення ва ўніверсітэт. Думаю, можа нават дзякуючы літоўцам. Хаця ўжо і раней было: мы з сястрой — сярэдняя сястра вучылася ў Гародні, у інстытуце сельскай гаспадаркі — ліставаліся па-беларуску.
Беларуская ідэнтычнасць у Вільні
Калі на падрыхтоўчых курсах выкладчык узгадаў, што статут Вялікага Княства быў напісаны па-беларуску, у мяне нешта шчоўкнула. Пасля, памятаю, калі купалаўскі тэатр прыязджаў у Вільню з гастролямі на целы месяц, я амаль на кожным спектаклі была.
Супрацоўнiк тады сказаў, што быў у Шэшкіне (раён на поўначы Вільні — рэд.) у краме, і там сустрэў маладых людзей, якія гаварылі паміж сабой па-беларуску. І неяк так праз знаёмых я знайшла мясцовых беларусаў.
Гэта быў ці 87-ы, ці 88-ы год. Ужо тады клуб «Сябрына» пачынаў зараджацца, беларусы пачалі легальна сустракацца.

Каляды ў клубе “Сябрына. З лева: Людвіка Кардзіс, Міраслава Русак, Галіна Альшэўская, Вера Шостак.
клуб «Сябрына» — віленскі клуб-аб’яднанне аматараў і аматарак беларускай культуры. Заснаваны ў 1988 годзе пры Літоўскім Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Людвіка Кардзіс: «Гісторыя беларускага адраджэння ў Вільні звязаная з такім Валдасам Банайцісам. Ён па прафесіі лекар-нарколаг, але ведае вельмі шмат моў і выдатна валодае беларускай. Нават жартаваў, што вывучыў яе, бо сярод яго пацыентаў сустракаліся беларускамоўныя. Ён прывозіў у Вільню беларускія кніжкі і выпісваў газету “Літаратура і мастацтва”. І яму неяк прыйшла думка, паглядзець, колькі яшчэ ў “ЛіМа” падпісчыкаў у Вільнi. Урэшце першая сустрэча беларусаў адбылася ў Вільні, калі спадар Валдас разаслаў усім падпісчыкам “ЛіМа” запрашэнні. Там былі і старыя беларусы, якія жылі ў Вільні яшчэ да вайны, і маладое пакаленне. Фактычна “Сябрыну” заснавалі тыя самыя людзі, якія прыходзілі на гэтыя сустрэчы. Я на іх, на жаль, тады не магла патрапіць, бо не выпісвала “ЛіМ”, а купляла ў кіёску».
Ужо павеяла тым, што Саюзу хутка канец, і акурат тады я пазнаёмілася з мясцовымі беларусамі. Гэта былі людзі, якія скончылі Віленскую беларускую гімназію, яны адсядзелі ў сталінскіх лагерах, кожны са сваёй гісторыяй, і кожны з іх цябе па-іншаму дапускаў да сябе. Сёння з думаю, як мы ўсё паспявалi.

Каляды ў клубе “Сябрына. З лева: Людвіка Кардзіс, Міраслава Русак, Галіна Альшэўская, Вера Шостак.
Трэба было хадзiць на працу, удзельнiчаць y мiтынгах “Sąjūdis” з бел-чырвона-белым сцягам, выказаць беларускую салiдарнасць. Або без сцяга, бо сэрца падказывала, што ёсць шанец развiтацца з “iмпэрыяй зла”. Акрамя таго, пачалi нараджацца новыя iнiцыятывы лiтоўскiя i iншых нацыянальнасцяў. Яны нас запрашалi, мы - іх. Усюды трэба было быць i былi. Самым смешным для мане было дэлегаванне на ўстаноўчы сход лiтоўскага таварыства цвярозасцi - беларуская прысутнасць была. Трэба - дык трэба.
Былi лiсты з подпiсамi i сустрэчы з лiтоўскiмi дзяржаўнымі прадстаўнiкамi аб адкрыццi беларускай радыё і тэлепраграмы, беларускай бачыны ў лiтоўскiм друку, беларускай школы. Трэба адзначыць прыхiльнае стаўленне да беларусаў у тыя часы лiтоўскiмi чыноўнiкамi. Усе нашыя iнiцыятывы былi падтрыманыя. Некаторыя паспяхова працуюць i сёння.

На радзіме Багушэвіча. Людвіка Кардзіс, Лявон Луцкевіч, Алесь Крыштаповіч, Свята Радкевіч, сядзіць Крысціна Балаховіч.
Ад 1989 года пачалося адраджэнне беларускага касцёлу ў Вiльнi. Алесь Бяляцкі быў iнiцыятарам гэтага. “Як ты ставiшся да адраджэння беларускага касцёлу?” - спытаў ён у мяне. Пазнаёмiў з лiтоўскім святаром, з кс. Вацлавасам Алюлiсам, марыянiнам, якi цудоўна валодаў беларускай мовай i да апошнiх дзён свайго зямнога жыцця быў нашым апякуном. Асобная гiсторыя, як нам далi касцёл i не было святара. Як я пiсала лісты ў рыжскую духоўную семiнарыю ў пошуках ксяндза. Або як мы з Сяржуком, як толькi нехта казаў: там i там ксёндз, як бы, гаворыць па - беларуску - мы адразу ехалi туды. Беларускi касцёл працуе i сёння ў Вiльнi.
Поспех таго часу, падтрымку лiтоўцамi беларусаў сёння я бачу, як разуменне адзiн аднаго. Мы вырвалiся з кiпцюроў савецкага саюзу, мы ведалi смак таго жыцця i зычылi адзiн аднаму лепшага i дапамагалi па-сапраўднаму.
Акрамя вiленскіх iмпрэзаў былi i самой Беларусі. Менск, Гародня… Канферэнцыi, мiтынгі, сустрэчы - усюды трэба было быць.

Гуканне вясны ў Менску.
У тыя часы не было нават такога паняцця як фінансаванне, праекты. Усё рабілася за свае грошы. Узгадваецца студзень 1991 года. Савецкая армія захапіла будынкі літоўскага радыё і тэлебачання. Трансляцыя перанеслася на вул. Наваградзкую, у будынак, адкуль транслявалася гарадзкое радыё. Зателефаванавалі нам, прапанавалі штодня выходзіць у прамы этэр а 22:10 з навінамі на беларускай мове. Усе адразу пагадзіліся, але пасля пэўны час я выходзіла адна. Гэта быў вельмі ня просты час. Адно, што я не мела і не маю журналісцкай адукацыі, па-другое, у тыя часы не было інтэрнэту і усе навіны з радыё, якое не заўсёды была магчымащь паслухаць, бо трэба было на асноўнай працы працаваць. Газэту купіць таксама было за шчасце - чэргі да кіёску з газэтамі раніцай стаялі вельмі вялікія і часам табе проста не хапала асобніку. Часам, польская ці руская рэдакцыя (у нас было адно агулнае памяшканне) астаўлялі свае матэрялы і можна было нешта скарыстаць. Але самае цяжкое - мне было проста страшна быць у гэтым будынку. Там была сымбалічная ахова, на 1-м паверсе вахцёр. Дарога да студыі пралягала праз цёмныя калідоры, а пасля трэба было вяртацца дахаты у пустым тралейбусе - людзі баяліся хадзіць па горадзе. Усё кампенсавалася думкай, што гэта треба дзеля перамогі. А неяк прыслалі з Брытаніі часопіс “Independent” са спасылкай на інфармацыю акурат з той перадачы, якую з рабіла. Радасць была бязмежнай.

Людвіка Кардзіс, Хведар Нюнька і Аляксей Анішчык разглядаюць беларускую старонку “Пагоня” ў літоўскай газэце Lietuvos rytas.
Віленская беларуская гімназія была заснаваная Іванам Луцкевічам у 1919 годзе. У розныя часы ў гімназіі працавалі Францішак Аляхновіч, Юліяна Мэнке, Максім Гарэцкі, Язэп Драздовіч, Барыс Кіт ды іншыя славутыя беларускія грамадскія дзеячы і дзяячкі. Сярод вядомых выпускніц і выпускнікоў Наталля Арсенева, Раіса Жукоўская, Ніна Ляўковіч, Алесь Салагуб, Вінцэнт Жук-Грышэвіч, Янка Багдановіч ды іншыя. Гімназія была закрытая савецкімі ўладамі ў 1944.
90-я: беларускі актывізм і энергетычная блакада Літвы
Гэта быў, напэўна, найцікавейшы перыяд у жыцці, калі цябе як бы аж пакачвае ад ведаў, ад таго, што ты чуеш, ад той гісторыі, якая тут была. Табе пакзываюць даваенныя выданні. Цябе вучаць беларускай лацінцы. Табе паказваюць мясціны у Вілні, звязаныя з беларускай гісторыяй. Табе адкрываюць Беларусь наноў. У мяне былі добрыя стасункі з старэйшымі віленчукамі. Разнаёміушыся, мне так хацелася, каб йх ушаноувалі, так як у Літве рабілі літоуцы са сваімі. Не атрымалася. Яны так і засталіся не патрэбнымі сваёй беларускай дзяржаве. Эміграцыя таксама не ацаніла йх унёсак, йх страчаныя гады у сталоінскім лягярох. З некаторымі склаліся вельмо цёплыя стасункі, часам чужыя людзі становяцца табе як родныя. Як у мяне было, напрыклад, з Янкам Багдановічам, сям’ёй Шышэяў, Верай Шостак- Спарычанкай, Зояй Аляксандраўнай.

Спадарыня Людвіка і Зоя Каўшанка
Зоя Аляксандраўна Коўш (Каўшанка) (1911–1993) — беларуская грамадская дзяячка, юрыстка, перажыўшая сталінскія рэпрэсіі.
Калі я скончвала ўніверсітэт, з’явілася больш вольнага часу. І гэты час стаў цалкам асэнсаваным беларускім.
Людвіка Кардзіс — выпускніца факультэта эканамічнай кібернэтыкі і фінансаў Віленскага Дзяржаўнага ўніверсітэта (цяпер — факультэт эканомікі і бізнэс-адміністравання Віленскага Універсітэта). Па яе словах, у год, калі яна паступала, на факультэце па-руску выкладаліся толькі дзве спецыяльнасці. «У Літве была зусім іншая сітуацыя ў параўнанні з Беларуссю. І літоўскіх школ было вельмі шмат, і ва ўніверсітэце ў асноўным усё выкладалі па-літоўску. У Беларусі ж нават выкладання гуманітарных дысцыплін па-беларуску не было, а тут эканамічныя і там усялякія іншыя — усё па-літоўску было ў савецкія часы», — Людвіка Кардзіс.
Напачатку дзевяностых да беларускай справы ў Вільні далучыліся «маладыя энтузіясты» з Менску. Першым прыехаў, здаецца, Сяргей Дубавец з сям’ёй. Ён заняўся адраджэннем «Нашай Нівы». Дарэчы, тады Лявон Луцкевіч вельмі хваравiта паставіўся да таго, што Сяргей абраў менавіта «Нашу Ніву», і ён казаў: «Ну што вось ён прычапіўся да “Нашай Нівы”? Столькі ўсякіх газет выдавалася, ну хай бы якую-небудзь іншую назву там узяў бы гэты, чаму менавіта “Нашу Ніву”?»
Лявон Луцкевіч (1922–1997) — беларускі культурны і грамадскі дзеяч, мемуарыст, педагог. Актыўна падтрымліваў віленскі рух беларускага адраджэння.
У 1992 годзе ў Вільню прыехаў Сяржук Вітушка.

Сумесная вандроўка талакоўцаў і двух прадстаўнікоў віленскай моладзі па Віленшчыне. Людвіка Кардзіс 4-тая з лева, побач Янка Мятлеўскі. 4-ты з права Сяржук Вітушка.
Сяржук Вітушка (1965–2012) — грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, старшыня гісторыка-культурнага аб’яднання «Талака», публіцыст. Ён быў харызматычны, падабаўся ўсім. У яго была такая здольнасць, для мяне заўсёды зайздросная… Памятаю, да яго неяк прыходзіў адзін чалавек, і ён, той чалавек, проста нон-стоп гаварыў і гаварыў, і я пасля кажу: «Як ты можаш яго проста слухаць, ён жа суцэльную лухту нясе». А Сяржук казаў: «А я думаў пра сваё». З яго, канешне, я думаю, пры іншых абставінах атрымаўся б добры дыпламат.

Людвіка Кардзіс і Сяржук Вітушка з дачкой і дочкамі Лены Глагоўскай у Троках.
Калі мы пабраліся шлюбам, устала пытанне, дзе жыць. Я была не супраць і ў Беларусь вярнуцца, мы нават шукалi сабе жытло у Полацку i Заслаўi. Aле ў Вільні ў той час беларусам аддалi дамкi былога oрдэну братоў марыянаў на Зыгмантоўскай, нам прапанавалі там жыллё. Мы засталіся. Я была цяжарнай, калі пачалася энергетычная блакада Літвы.
У перыяд з 1992 па 1993 год у Літве мелі месца перабоі з электрычнасцю і ацяпленнем, а таксама падзенне ўзроўню жыцця з-за цяжкай эканамічнай сітуацыі. Прычынай гэтага быў ціск Расіі (як асноўнага пастаўшчыка энергарэсурсаў) на Літву, каб вярнуць яе ў сферу свайго ўплыву.
Мы жылі тады каля Зялёнага маста, і ў нас была найлепшая сітуацыя, бо ў нашым дамку была газавая калонка. І да нас усе сябры прыходзілі мыцца (усміхаецца).
Агулам гэта быў такі час… Калі ты прыходзіш у краму і ўпершыню бачыш камерцыйныя кошты на ўсё гэта і думаеш: «Ого…».
Памятаю, была ў дэкрэтным адпачынку, і некалькі месяцаў запар не выплочвалі дэкрэтныя. А тут акурат перад Калядамі заплацілі пазыку за шмат месяцаў. Я ехала дахаты такая шчаслівая, планавала якiя куплю падарyнкi родным і ў мяне скралі грашовык. На той час гэта было вельмi вялiкiм перажываннем, але ж гэта ўсё перажылося.
Быў час, калі я заходзіла ў краму за панчохамі, а там былі такія кошты… Але больш шок у мяне выклікалі не кошты, а жанчына, якая купляла 10 пар калготак. У маім уяўленні яна была проста мільянерам. У той час добра жылі людзі, якія ездзілі ў Кітай, у Турцыю, нешта куплялі, нешта прадавалі. Гэта быў такі пачатак бізнэсу. А нам цяжка было, але неяк бацькі дапамагалі і старэйшая сястра. Янa на вёсцы жылa, трымалa гаспадарку, перадавалa нейкія прадукты. Bыжылі. А пасля я ўжо і калготкі сабе пачала дарагія купляць. Але ж гэта быў час такой шокавай тэрапіі.

У Вільні ля вострай брамы.
Музэй без памяшкання. Паляванне на экспанаты
Працу пры гэтым ніхто адмяняў. Пачалі адыходзіць тыя самыя «старыя беларусы», якія заспелі міжваенную беларускую Вільню, якія выкладалі ў гімназіі, рабілі пераклады на беларускую, прайшлі праз рэпрэсіі за савецкім часам, якія пісалі мемуары… І рэчы, якія яны збіралі, былі з такім пакручастым лёсам. Быў, напрыклад, адзін чалавек, які за польскім часам сядзеў на Лукішках (лукішская турма – рэд.) і проста каб не звар’яцець, рабіў пераклады мастацкіх твораў на беларускую мову. У яго былі такія тoўстыя сшыткі з гэтымі рукапісамі. Калі прыйшлі саветы, ён іх закапаў у зямлю. І толькі яго нашчадкі, якія нешта разбудоўвалі ў хаце, выпадкова знайшлі тыя рукапісы. Памятаю, у адной сям’і давялося складзiк чысціць, каб нешта адкапаць. Такой смурод стаяў — вельмі цяжка было дыхаць, але ж я адкапала ў іх арыгінальнае выданне кніжак Казіміра Сваяка.
Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) (1890–1926) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар.
Натуральна ўзнікла ідэя аднавіць музей імя Івана Луцкевіча, каб сабраць там усе гэтыя ўнікальныя рэчы.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча — музей, створаны на падставе калекцыі помнікаў беларускай даўніны, сабраных грамадскім дзеячом Іванам Луцкевічам. Музей быў закладзены ў 1921 годзе і праіснаваў да 1944. Пасля ліквідацыі музея савецкімі ўладамі калекцыя музея была падзеленая паміж ЛітССР, БССР і РСФСР. Пакуль у нашага музея не было памяшкання, мы займаліся тым, што збіралі экспанаты. Нешта каштоўнае набывалі за свае грошы. Час ад часу праводзілі выставы. Да 2020 года мы падтрымлівалі сталыя кантакты з даследчыкамі ў Беларусі і з дзяржаўнымі інстытуцыямі. З музеямі рабілі сумесныя выставы, перадавалі ў Менск экспанаты.
Некалькі гадоў запар мы праводзілі прэмію імя Сяржука Вітушкі для дзяцей з парушэннямі зроку ў Беларусi.
Сяржук Вітушка хварэў на цукровы дыябет і праз сваю хваробу страціў зрок. Але страціўшы зрок, не спыніў актыўнай дзейнасці: арганізоўваў экскурсіі для беларусаў і беларусак па Вільне, пісаў казкі, п’есы-батлейкі, вершы і беларускія тэксты на мелодыі вядомых песень.
Дзеці пісалі вершы на роднай мове, а мы дарылі ім падарункi: дыктафоны, цукеркі. І гэта ўсё ў дзяржаўнай школе. Настаўніцы нам вельмі дзякавалі. Пакуль аднойчы (гэта быў год недзе 2019) «Наша Ніва» напісала пра гэта артыкул. Адна настаўніца з той школы мне тады напісала: «Ой, вы паглядзіце, гэта ж такая газета, у нас будуць непрыемнасці!». Гэта было апошняе супрацоўніцтва, больш такога не рабілі. Ну, цяпер гэта ўвогуле немагчыма нічога падобнага рабіць.
Цяпер, калі мы алічбоўваем і каталагізуем наш архіў, у людзей ёсць доступ да экспанатаў анлайн. Ёсць шмат старых кніг і падручнікаў пачатку 20 стагоддзя, якія варта было б перавыдаць. Але гэта ўсё справа часу. Калісьці на гэта будзе попыт.
2020 год
2020 год стаў трагічным для ўсяго беларускага народа. Але ж мы дзякуючы беларусам, якія падтрымаўшы нас, атрымалі ад віленскай мэрыі памяшканне для музея. Хоць там і быў абвешчаны конкурс, але гэты конкурс стаў магчымым менавіта дзякуючы беларусам у Беларусі.
Конкурс на памяшканне - конкурс для беларускіх ініцыятыў, якое Віленскае самакіраванне абвесціла ў 2020 годзе. Пераможцы мусілі атрымаць памяшканне ў цэнтры Вільні ў арэнду на вельмі добрых умовах. Арганізацыяй-пераможцам стаў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча.
Хаця канешне зараз гэта ўсё настолькі сумна… Здаецца, калі б толькі можна было нешта зрабіць, абы людзі не сядзелі ў турмах, каб усе былі жывыя і здаровыя.
Тады 2020 год мяне вельмі ўсцешыў гэтай падтрымкай літоўцамі беларусаў. Уся Вільня была ў бел-чырвона-белых сцягах, на лётнішчы самалёт спускаўся, на зямлі было напісана «Мы разам з вамі». І мы хадзілі на пікеты, якія тут арганізоўваліся. А так — соднямі сачылі за навінамі… Гэтыя трагічныя смерці першыя, проста як асабістае ўспрымаеш.
Разумееш, што там твае сябры недзе, усюды. І хваляванне, за іх лёсы, і хваляванне за тых людзей, якіх ты нават не ведаў. Гэта настолькі быў цяжкі перыяд: ты не ўдзельнічаеш ва ўсім гэтым, але з-за гэтай адлегласці вельмі моцна ўсё перажываеш. 25 сакавіка 2021 года мы падпісалі дамову на арэнду памяшкання з віленскай мэрыяй. Тэрмін арэнды — 5 гадоў. У 2026 яна скончыцца. Там будзем глядзець.
Беларускі цэнтр супольнасці і культуры
Ніхто тады не думаў, што ўсё гэта зацягнецца на столькі гадоў. У выніку мы прыцягнулі шмат маладых людзей, якія з’ехалі з Беларусі, і яны пачалі ствараць сваю прастору згодна са сваімі патрэбамі і бачаннем. Мне падабаецца, што ў нас людзі рознага пакаленьняў, розных густаў, але з адной агульнай рысай - любоўю да Беларусі.
Ад самага пачатку была ідэя рабіць нядзельную школку для беларускіх дзетак. Зараз ёсць праблемы з фінансаваннем, але неяк жывем. У нас суперскія выкладчыкі, якія разумеюць каштоўнасць беларушчыны і нашым дзеткам яе даносяць. Ці вернуцца гэтыя дзеці ў Беларусь, ці не вернуцца, але гэтае зерне беларускасці ў іх будзе пасеяна. Таму што, жывучы за мяжой, не станеш ты літоўцам або палякам. І іншым ты будзеш цікавым толькі калі будзеш сваё шанаваць, і сам сабе ты будзеш больш цікавым, калі ты будзеш ведаць, хто ты, адкуль ты.
За час музейнай працы ў мяне былі розныя перыяды адчаю. Ад часу да часу пачынае падавацца, што гэта ўвогуле нікому не трэба. Памятаю, мне адзін чалавек нават сказаў: «прадай ты ўсе гэтыя экспанаты, будуць грошы на старасць». А сёння разумею, што не дарма гэта ўсё робіцца.
Неяк заходзілі дзяўчына-літоўка са сваім хлопцам з Мексікі. У гэтай дзяўчыны мама – беларуска. Але, кажа, усе беларускія сваякі – «ватнікі». Дык вось, мы разгаварыліся. Я кажу, што ў Вільні 100 год таму буяла беларускае жыццё, што была «Наша Ніва», быў музей, была гімназія. У яе тады аж загарэлася нейкая частка беларускага. Або былі прыехаўшыя з Канады два хлапцы — два браты — і іхні сябар з Ізраіля. І ў іх жыдоўска - беларускія карэнні. І мы там нешта такое гаварылі, маўляў: «усё, хлопцы, набірайцеся вопыту, падымайце адукацыю, пераможам, то прыедзеце падымаць эканоміку беларускую». І яны кажуць: «Так, прыедзем»!
Вось у такія моманты разумееш, што тое, што ты робіш – гэта камусьці патрэбна.
Інтэрвю запісала Дар’я Гардзейчык. Яно зьяўляецца часткай праекту “(Не)бачныя: гісторыі беларускіх актывістак перыяда аднаўлення незалежнасці”, здзейсьненага пры падтрымцы BYSOL.