Жаночы клюб кліча ўдзельніц
Вечары, напоўненыя цеплынёй, размовамі і творчасцю – менавіта так праходзяць сустрэчы ў нашым Жаночым Клюбе. Мы збіраемся, каб ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі, дзеліцца досведам і проста добра праводзіць час. Нашы продкі мелі цудоўную звычку: доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны збіраліся разам – шылі, ткалі, вышывалі і пры гэтым размаўлялі, распавядалі казкі, дзяліліся жыццёвым досведам. Жаночы Клюб – гэта наш спосаб захаваць і працягнуць гэтую традыцыю, але ў сучасным фармаце. Клюб пачаў працу ў студзені 2023 года і стаў сапраўднай крыніцай натхнення для тых, хто хоча дакрануцца да беларускай культуры праз творчасць.
Як праходзяць сустрэчы?
Кожная сустрэча складаецца з двух частак: Тэарэтычная частка (прыкладна 30 хвілін) – паглыбляемся ў беларускія рамёствы, вывучаем традыцыі, абмяркоўваем цікавыя факты. Часта ўдзельніцы дзеляцца ўспамінамі пра тое, як іх бабулі стваралі сапраўдныя творы мастацтва. Практычная частка (прыкладна 1,5–2,5 гадзіны) – творчы момант. Мы спрабуем розныя тэхнікі і ствараем уласныя вырабы.
Якія тэмы мы ўжо абмяркоўвалі?
Мы даведаліся пра:
- беларускія строі і іх асаблівасці ў розных рэгіёнах,
- традыцыйныя ўпрыгажэнні,
- ткацтва і пляценне паясоў,
- вышыўку (бісерны крыжык, процяг, тамбурнае шво і інш.).
Што ўжо стварылі ўдзельніцы Клюбу?
Сярод вырабаў нашых удзельніц:
- тканыя бранзалеты і каралі,
- плеценыя «павукі»,
- ручнікі з аўтэнтычнай вышыўкай,
- неглюбскія гарлячкі,
- паясы, тканыя на дошчачках.
У Жаночым Клюбе мы не толькі майструем – тут можна падзяліцца думкамі, натхніцца, атрымаць падтрымку. Гэта прастора, дзе цябе зразумеюць і заўсёды сустрэнуць з усмешкай. Далучайся да клюбу ў любы час. Сустрэчы праходзяць кожную сераду а 18:30.